Як правільна па-беларуску: “згодна пастановы ўрада” ці “згодна з пастановай урада?”

belmova

Абедзве названыя канструкцыі з’яўляюцца высокачастотнымі, асабліва ў сродках масавай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца яны, як правіла, у афіцыйна-справавым і публіцыстычным стылях. Але каторае з іх правільнае? Ці, можа, абодва з’яўляюцца нарматыўнымі? Паспрабуем разабрацца.

У розных перыядычных выданнях ужываюцца канструкцыі з прыназоўнікам “згодна”: Згодна неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт здарыўся, як на цягнік селі два чалавекі ў камуфляжы з сімволікай спецназа (Наша ніва, 14.09.11); Згодна вынікаў штогадовага раённага агляд-конкурсу, былі ўзнагароджаны чатыры лепшыя спартоўцы года Глыбоцкага раёна… (Вольнае Глыбокае, 24.05.12); Згодна дадзенага нам задання, яблыкі здаём на Шаркоўшчынскі гародніна-сушыльны камбінат… Згодна Указа, на нарыхтоўку дзяржава выдзеліла паўтара мільярда рублёў… (Веснік Глыбоччыны, 20.08.14). Як бачна, аднатыпныя спалучэнні выкарыстоўваюцца сапраўды ў розных выданнях. Але ва ўсіх прыведзеных выпадках дапушчана сінтаксічная памылка, гэта значыць,словазлучэнні пабудаваны няправільна, на рускамоўны ўзор.

Прыназоўнік згодна, ужываючыся ў складзе пэўнай сінтаксічнай канструкцыі, рэалізуе ў кантэксце значэнне “ў адпаведнасці з чым-небудзь” і дапаўняецца простым невытворным прыназоўнікам з – згодна з (з чым-небудзь). На гэта ўказвае і “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” (ТСБЛМ, Мінск, 1996, с. 238). Таму ў пададзеных вышэй мікракантэкстах павінна было быць згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, згодна з вынікамі, згодна з дадзеным нам заданнем, згодна з Указам. Падобным жа чынам па-беларуску будуюцца і спалучэнні кшталту ў адпаведнасці з заканадаўствам (а не адпаведна заканадаўству), у адпаведнасці з прынятым рашэннемне адпаведна прынятаму рашэнню). І, безумоўна, правільна па-беларуску згодна з пастановай урада, а не згодна пастановы ўрада.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку