Як правільна па-беларуску: “па вялікаму рахунку” ці “па вялікім рахунку?”

belmovaАбодва вынесеныя ў загаловак спалучэнні выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускамоўнай камунікацыі. Але паўстае лагічнае пытанне: якая канструкцыя правільная? І як, да прыкладу, мы мусім казаць: па загаду кіраўніка ці па загадзе; па гэтаму пытанню ці па гэтым пытанні?

Яшчэ ў “Беларуска-расійскім слоўніку ”М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926) падаюцца канструкцыі, пабудаваныя па схеме “па+ месны склон”. Такая практыка была замацаваная ў нашай мове ў 20-я гады мінулага стагоддзя – у час, бадай, найлепшых умоў функцыянавання сучаснай беларускай мовы. Але пазней, пачынаючы з сярэдзіны 30-ых гадоў, на хвалі русіфікацыі названую граматычную схему змянілі на “па+ давальны склон”, каб было, як і па-руску. Гэта значыць, рэкамендавалася ўжываць, напрыклад, па нашаму звычаю, па свайму жаданню і да т.п. На жаль, падобны падыход адлюстраваны і ў пяцітомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (1977– 1984), бо яго аўтары, як слушна сцвярджае прафесар П. Сцяцко, механічна перапісалі ўзор “з расійскіх слоўнікаў” (Сцяцко П. Культура мовы. – Мінск, 2002. – С. 88).

Тыражуюць такія ўжыванні і сучасныя сродкі масавай інфармацыі, асабліва раённыя выданні, дзе праблема культуры мовы сапраўды надзвычай вялікая. Прывядзём колькі прыкладаў: …Цэнтр па духоўнаму і культурнаму выхаванню (“Жыццё Прыдзвіння”, 14 верасня 2012); відэападарожжа па маляўнічаму наваколлю (“Гарадоцкі веснік”, 5 лістапада 2012); на раённых спаборніцтвах па зімоваму мнагабор’ю; на першым этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўнаму навучанню (“Гарадоцкі веснік”, 20 снежня 2014). У падобных выпадках гаворка ідзе пра нізкую прафесійную кваліфікацыю журналістаў. Як слушна заўважыў Кастусь Цвірка, “перш чым што-небудзь напісаць ці сказаць па-беларуску, многія з нас перакладаюць у думках з рускай мовы… Ну, а перакладаем, вядома ж, самым лёгкім спосабам: механічна замяняем рускія словы беларускімі, прычым тымі, што ляжаць на паверхні”.

Каб пазбегнуць недарэчнасцяў, трэба памятаць, што прыназоўнік па ўжываецца пры кіраванні з вінавальным і месным склонамі назоўнікаў ці займеннікаў, але не з давальным. Таму па-беларуску з пазначаных у загалоўку канструкцый правільнай будзе па вялікім рахунку, а не па вялікаму рахунку.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі