Як правільна па-беларуску: “кафэ” ці “кавярня”?

videnska_kawa_vinica.jpgАбодва названыя словы сёння выкарыстоўваюцца ў моўнай практыцы. У кожным горадзе і нават мястэчку, у буйных населеных пунктах вясковага тыпу абавязкова ёсць месца, куды можна зайсці перакусіць, папіць кавы ці гарбаты, з’есці марозіва ці проста адпачыць, слухаючы прыемную музыку і пацягваючы з кубачка які-небудзь духмяны напой. І месца гэта часцей пакуль завецца кафэ. Слова кафэ французскага паходжання і абазначае, паводле “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”, “невялікі рэстаран, дзе прадаюць кофе, чай, закускі і пад” (Т. 2, с. 667). Да нас гэты французскі назоўнік трапіў праз рускую мову. Але ў беларускай мове даўно выкарыстоўваецца сваё адметнае слова з падобным значэннем – кавярня. Яно надзвычай удала ўпісваецца ў аналагічныя спецыфічна беларускія ўтварэнні, як, напрыклад, друкарня, гарбарня, кнігарня, цяслярня і г.д. Але ТСБМ (Т. 2, с. 572) падае гэты назоўнік з паметай уст. да кафэ, чайная. Прыблізна так лексема трактуецца і “Руска-беларускім слоўнікам» 1993 года выдання (Т. 1, с. 677) – адпаведнік да кофейная, кофейня. У “Тлумачальным слоўніку сучаснай беларускай літаратурнай мовы” (1996) назоўнік кавярня не фіксуецца зусім. Але ў “Беларуска-расійскім слоўніку” М.Байкова і С. Некрашэвіча (1925, с. 138) слова кавярня не мае ніякіх памет: “Кавярня ж. – кофейня, -ная”. Дарэчы, у акадэмічным “Слоўніку беларускай мовы” (2012) таксама фіксуецца назоўнік кавярня (с. 324). Гэта значыць, што прызнаецца літаратурны статус згаданага адметнага назоўніка. Матывуецца ён словам кава, а не лексемай кофе, ад якой і ўтвараецца назоўнік кафейня.

Прадуктыўна выкарыстоўваецца слова кавярня і ў беларускім друку: Іншы варыянт – кавярні. Бадай, самы танны варыянт – шукаць кавярню з так званым салат-барам (“Звязда”, 09.09.10); У кавярні “Жар-птушка” адкрываецца чарговы танцавальны сезон (“Наша ніва”, 08.09.10); Адзін з найстарэйшых храмаў Беларусі ператвораць у кавярню (“Чырвоная змена”, 27.10.10); Часам пасля заняткаў дзяўчаты могуць пайсці ў кавярню(“Чырвоная змена”, 10.11.10); Кавярня са смакам Італіі (“Вольнае Глыбокае”, 30.06.11); У амерыканскай кавярні будзе хутчэй светла, чым цёмна (“Новы час”, 28.01.11).

Беларуская мова чуйна рэагуе на ўсё новае, што паяўляецца ў жыцці грамадства. Таму стала папулярным і складанае слова міні-кавярня: Нашы міні-кавярні, што месцяцца на прывакзальнай плошчы, маюць другую катэгорыю (“Звязда”, 04.03.11); Паблізу ёсць мноства магазінчыкаў, міні-кавярняў на розны густ (“Чырвоная змена”, 08.06.11). Як бачна, такія фразы гучаць сапраўды прыгожа і вытанчана.

Несумненнай папулярнасці слову кавярня, асабліва ў моладзі, дадала вядомая песня “Абсэнт”, якую выконвае гурт “Крамбамбуля”: Усё нерэальна, / Нібыта ў сьне: / Начная кавярня, / Агні ў вакне… Паводле нашых назіранняў, спалучэнне начная кавярня ў маўленні сучаснай моладзі мае своеасаблівы сімвалічны сэнс, адлюстроўваючы жаданне выкарыстоўваць прыгожыя беларускія словы і разам з тым весела бавіць час. Таму ў беларускай мове варта ўжываць свой адметны назоўнік кавярня і пазбягаць лексемы кафэ – галіцызма, пазычанага праз рускую мову. Па-беларуску лепш сказаць, напрыклад, хадзем у кавярню, а не ў кафэ. Гэта не толькі ўпрыгожвае мову, але і чалавека, які ведае адметныя беларускія словы і тым самым міжволі прыцягвае да сябе ўвагу.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку