Як правільна па-беларуску: догляд за дзецьмі ці догляд дзяцей?

belmovaІ ў вусным маўленні, і ў пісьмовых тэкстах, у тым ліку і ў сродках масавай інфармацыі, мы часта сустракаем канструкцыі кшталту “яна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём”, “яны даглядаюць за старымі” або “дзяўчына любіць даглядаць за свойскімі жывёламі, за кветкамі”.

Вельмі часта такія канструкцыі фіксуюцца ў газетных публікацыях, прычым не толькі ў рэгіянальных выданнях, але і ў цэнтральных: Тэрмін вызначэння інваліднасці І групы ці заключэння УКК аб неабходнасці догляду за састарэлым ва ўзросце больш за 80 гадоў можа быць абмежаваным (Звязда, 23.06.11); Вольга знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду за дзіцяці ва ўзросце да трох год (Веснік Глыбоччыны, 26.11.11); З 1 студзеня 2012 г. дапамога па доглядзе за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў будзе павялічана…(Звязда, 5.01.12); Імпарт з Бельгіі сродкаў для догляду за валасамі перавысіў 2 мільёны долараў… (Звязда, 10.01.12); У многіх выпадках трэба рабіць стаўку на… належны догляд за меліярацыйнымі каналамі… (Звязда, 3.11.12); Уборка ў кватэры, догляд за хворым, пакупка прадуктаў і лекаў… (Веснік Глыбоччыны, 6.12.14). Падобныя ўжыванні сінтаксічна дублююць адпаведныя рускамоўныя словазлучэнні, напрыклад, “нужно ухаживать за детьми”, “они ухаживают за стариками” і інш. З пункту гледжання сінтаксічных нормаў беларускай літаратурнай мовы такая будова словазлучэнняў памылковая, увогуле недапушчальная. Праф. Павел Сцяцко ў сувязі з гэтым заўважае, што “прыназоўнік за ў словазлучэннях з дзеясловам (ці аддзеяслоўным назоўнікам) і словаформай творнага склону набывае апошнім часам ”агрэсіўнае” памкненне ў недасведчаных у пытаннях мовы аўтараў і выкарыстоўваецца там, дзе яго зусім не павінна быць або мусіць быць ужыты іншы прыназоўнік. Так, аддзеяслоўны назоўнік догляд (дагляд) нармавана кіруе родным склонам залежнага слова, і тут не можа быць ніякага прыназоўніка” (Сцяцко П. Культура мовы. – Мінск, – 2002, – с. 91). Дарэчы, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (ТСБМ) таксама адназначна падае беспрыназоўнікавае спалучэнне: “Догляд пасеваў. Догляд жывёлы” (Т. 2, с. 187). Памылковыя ж ужыванні з прыназоўнікам за выкліканыя ўплывам рускай мовы і, натуральна, няведаннем аўтарамі беларускіх асаблівасцяў будовы словазлучэнняў.

Такім чынам, па-беларуску правільна будзе не догляд за дзецьмі, а догляд дзяцей; не даглядаць за жывёлай, а даглядаць жывёлу; не догляд за раслінамі, а догляд раслін.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку