Як працаваць са святарамі і свецкімі асобамі ў Касцёле? Беларускія біскупы прымаюць удзел у фармацыйнай сустрэчы ў Варшаве

Прадстаўнікі чатырох дыяцэзій Беларусі — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прымаюць удзел у фармацыйнай сустрэчы на тэму выкарыстання чалавечых рэсурсаў у Касцёле.

Сустрэча праводзіцца 19–22 лютага ў Еўрапейскім цэнтры камунікацыі і культуры (ЕЦКК) у Варшаве. Арганізатарамі выступаюць ЕЦКК і Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у ЗША.

Мэтай курсаў з’яўляецца дапамога біскупам у развіцці адносін са святарамі і свецкімі асобамі.

Паводле слоў прадстаўніка ЕЦКК а. Войцеха Мікульскага, на занятках перш за ўсё будзе звернута ўвага на неабходнасць усталявання ў Касцёле добрых адносін працадаўцаў з супрацоўнікамі, а таксама рацыянальнага выкарыстання чалавечых рэсурсаў у дыяцэзіі.

Заняткі праводзяць біскуп Ян Бабяк са Славакіі і Джэфры Мондартан са Злучаных Штатаў Амерыкі, якія дзеляцца сваім вопытам на тэму адносін і спосабу супрацоўніцтва і кіраўніцтва дыяцэзіяльнымі святарамі, законнікамі і свецкімі.

Яшчэ адзін эксперт — езуіт Марэк Блаза — будзе разважаць пра значэнне пастаяннай фармацыі ў жыцці святара. Выступоўца падзеліцца спосабамі арганізацыі дыяцэзіяльнай курыі на прыкладзе Рыма-Каталіцкага Касцёла і Грэка-Каталіцкай Царквы.

Ксёндз Роко Д’амброзіа, які вывучаў этыку бізнесу ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, раскажа пра тое, пра што варта памятаць з этычнага пункту гледжання, працуючы са свецкімі людзьмі ў Касцёле.

Апошнім пунктам сустрэчы стануць лекцыі і семінары аб тым, як наймаць супрацоўніка, як з ім весці складаныя размовы і як звальняць супрацоўніка-свецкага. За гэтыя семінары адказвае бізнес-трэнер і менеджар Мацей Вішнеўскі.

Гэтая частка з’яўляецца першым этапам фармацыйнай сустрэчы і адрасаваная выключна біскупам.

Акрамя беларускіх іерархаў у семінарах удзельнічаюць таксама рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія біскупы і свецкія вернікі з Польшчы, Украіны, Албаніі, Арменіі, Азербайджана, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Літвы, Румыніі, Латвіі, Славеніі, Расіі, Сербіі, Славакіі, Туркменістана, Малдовы і Узбекістана.

Упершыню падобныя сустрэчы пачалі праводзіцца чатыры гады таму. Тады іх тэма была прысвечана антыкрызіснаму кіраўніцтву (пошуку фінансавання) у Касцёле.

Catholic.by

для друку для друку