Як перажыць Дзень закаханых у Папялец? 5 ідэй

Гэта няпростая задача нават тады, калі самы рамантычны дзень года не супадае з пачаткам Вялікага посту, а што ўжо казаць пра святкаванне ў такіх экстрэмальных умовах. Але навошта ж тады вопыт і мудрасць, як не для таго, каб дапамагчы закаханым добра, рамантычна, але, галоўнае, правільна адзначыць дзень святога, якога ведаюць нават атэісты? ..

  1. Традыцыйную рамантычную вячэру, мабыць, прыйдзецца адмяніць. Але гэта і да лепшага. А мы, католікі, людзі арыгінальныя. Замест вячэры — сумесная святая Імша. Галоўныя атрыбуты, такія як свечкі і музыка, будуць захаваны, а замест століка ў рэстаране нешта значна больш каштоўнае — Эўхарыстыя. Вось што з’яўляецца сапраўднай ежай для сапраўднага кахання.
  2. Заплануйце шпацыр. Наведайце тыя храмы вашага горада, якія вам асабліва падабаюцца, або ў якіх вы яшчэ не былі. Падумайце, за што б вы хацелі памаліцца ў кожным з іх, і наперад. Запаліце ​​свечку, стварыце малітву, умацуйце свае пачуцці верай. Госпад — самы надзейны падмурак любых адносін.
  3. Сродкі, якія вы планавалі выдаткаваць на паход у рэстаран або кіно, вельмі дарэчы будзе ператварыць у міласціну. Бо любоў — міласэрная і лагодная. Дайце каму-небудзь з паўнаты вашых закаханых сэрцаў і адчуеце, як свет на вашых вачах становіцца лепшым. Хіба гэта не выдатны падарунак, які можна зрабіць з любові?
  4. Наш Бог — Любоў і любові прагне, а не крывавай ахвяры (пар. Ос. 6,6), таму не адмаўляйце сабе ў задавальненні зрабіць нейкую рамантычную і мілую нечаканасць для каханага чалавека. Будзьце арыгінальныя: напішыце ліст ад рукі, зрабіце паштоўку з асаблівымі словамі, дашліце кароткае відэа ці запіс свайго голасу са шчырымі прызнаннямі. Праявіце крэатыўнасць і смеласць — будзьце арыгінальнымі.
  5. Дзень закаханых — гэта выдатная магчымасць паказаць свету, што значыць сапраўдная любоў, тая, пра якую мы чуем у Евангеллі, тая, пра якую піша св. Павел да Карынцянаў. Будзьце для ўсіх, хто на вас глядзіць, прыкладам любові доўгацярплівай, ласкавай, не пыхлівай, якая не гневаецца і не памятае зла.

Рамантычнага вам Дня ўсіх закаханых! Кахайце.

Пераклад з credo.pro

для друку для друку