Як пазбегнуць духоўнага крызісу?

czarnel“Хвала Хрысту! Апошнім часам да мяне прыходзяць не вельмі вясёлыя думкі наконт майго непастаянства ў веры. Калі мяне апаноўвалі страхі і паніка, выкліканыя стрэсам, я штодня малілася і чытала Біблію. Хадзіла кожны дзень у касцёл, знаходзячы там духоўную падтрымку і часовы супакой. Аднак пасля таго, як усе хваляванні праходзілі, я стала заўважаць, што ўжо не патрабую ўсяго гэтага. Я не заўсёды чытаю Біблію, не заўсёды хажу на служэнне, радзей бываю шчырай у малітве. Разумею, што гэта дрэнна. Не магу прымусіць сябе змяніцца і паглыбіць сваю веру. І вельмі баюся, што хутка можа здарыцца што-небудзь дрэннае. А гэта якраз будзе добрым урокам для мяне. Я зноў вярнуся да Бога, адчуваючы сябе бездапаможнай. Парайце, калі ласка, як пазбегнуць духоўнага крызісу?”

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Духоўны крызіс – гэта не тая рэч, якой можна пазбегнуць. І больш за тое: яго не трэба пазбягаць. Крызіс у жыцці чалавека – гэта заканамерная з’ява, якая ўзнікае рэгулярна на працягу ўсяго жыцця і змяняецца перыядамі спакою. Кожны крызіс – гэта чарговая прыступка ўверх. Прычына яго ўзнікнення ў тым, што чалавек сутыкаецца з абставінамі, да якіх ён не гатовы. Кожны крызіс трэба ўспрымаць як Божую ласку, як чарговы шанец да таго, каб стаць мудрэйшым, больш дасведчаным, “аж пакуль не дойдзем (…) да чалавека дасканалага, да меры веку поўні Хрыстовай, каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, кіданымі ўсякім ветрам навукі сапсаваных людзей і ашуканстваў, яукія дурманяць” (Эф. 4, 13-14).

Ад нас не залежыць – быць крызісу ці не. Ён усё роўна прыйдзе рана ці позна. Але ад нас залежыць, чым крызіс закончыцца і колькі ён будзе працягвацца. Добрае завяршэнне крызісу – нашае ўдасканаленне і загартоўка. Аднак каб гэтага дасягнуць, трэба прыкласці намаганні, пра што казаў і Хрыстос: “Валадарства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго” (Мц. 11, 12). Калі мы прыкладзём намаганні, асабістыя старанні, не забываючыся таксама на просьбы пра Божую дапамогу ў малітве, мы абавязкова выйдзем з крызісу больш моцнымі і мудрымі. І наперадзе нас будзе чакаць перыяд цвёрдага грунту пад нагамі аж да той пары, пакуль наша развіццё зноў не наблізіцца да чарговай вяршыні, на якую нам трэба будзе ўзняцца.

Разам з тым узыходжанне ўверх не ёсць безальтэратыўным шляхам. У кожным крызісе чалавек можа таксама апусціцца ўніз. І гэта будзе прасцейшы варыянт, бо не патрабуе ніякіх сілаў, увагі, старанняў. Але і плод гэтага шляху горкі, “бо так ёсць: хто скупа сее, той скупа і жне, а хто шчодра сее, той шчодра і жаць будзе” (2 Кар. 9, 6).

Таму адзіная парада ў крызісе – прымаць яго з падзякай і працаваць над тым, каб, зразумеўшы прычыну і мэту, дасягнуць чарговай вяршыні. У Вашым выпадку, так выглядае, прычынай з’яўляецца не столькі аслабленне веры, колькі няправільнае яе разуменне. Вера – гэта не магія: я буду выконваць нейкія рытуалы і абрады, а Бог мне за гэта будзе рабіць дабро, і калі я перастану выконваць рытуалы, Бог мяне пакарае. Гэта не хрысціянства, гэта магія і язычніцтва. Таму працуйце над тым, “каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, умацаваныя і спасіленыя любоўю, разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня, а таксама пазнаць любоў Хрыстову, што перавышае ўсе веды, каб напоўніліся вы ўсёй поўняй Божаю” (Эф. 3, 17-19).

для друку для друку