Як пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці?

У Беларусі многія людзі, у тым ліку і вернікі, перажываюць залежнасць ад алкаголю. Якім чынам ім можна дапамагчы пераадолець гэтую хваробу, вырашыў даведацца “Каталіцкі Веснік”.

Сяргей ПанамароўСяргей Панамароў:

– Людзям, якія знаходзяцца ў алкагольнай залежнасці, можна дапамагчы вырашыць гэтую праблему па-рознаму. Супольна маліцца з гэтым чалавекам у інтэнцыі, каб Езус дапамог верніку вызваліцца ад залежнасці. Папярэдне важна паразмаўляць з чалавекам, паспрабаваць пераканаць яго ў тым, што калі брат ці сястра шчыра давераць сваю праблему Богу, то гэтая просьба будзе пачутая і выкананая.

Міхаіл Сяргеенка:Міхаіл Сяргеенка

– На жаль, праблема алкагольнай залежнасці ў нашай краіне вельмі актуальная. Чалавек імкнецца запоўніць пустэчу сэрца не Божай ласкай, а чымсьці іншым. Часта гэта алкаголь і далей – залежнасць. Я ўпэўнены, што такая хвароба ў першую чаргу з’яўляецца духоўнай і душэўнай. Як хрысціянін я разумею, што такую праблему цяжка вырашыць самому. Трэба зразумець, что Госпад хоча і можа дапамагчы. У Бібліі напісана: “Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы…” (Ісая 53, 4). Езус ужо праліў Сваю Кроў за нашыя немачы, Ён заўсёды працягвае руку тым, хто патрабуе дапамогі. Патрэбна патлумачыць чалавеку, што алкаголь не вырашыць праблем на працы, у сям’і, не верне родных, не выратуе ад адзіноты. Трэба звярнуцца да Бога па дапамогу. Шмат таксама залежыць ад нашай волі. Калі ў чалавека няма імкнення выправіцца, то дапамагчы будзе складана.

Хацелася б звярнуцца да сем’яў і сяброў тых людзей, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці. Калі вы пачняце маліцца за гэтага чалавека і калі ён сам пачне старацца, то я ўпэўнены, што атрымаецца вылечыцца. Важна таксама, каб работа па прафілактыцы алкагольнай залежнасці праходзіла не толькі ў Касцёле і дзяржаўных структурах, але і ў сям’і. Важна пасеяць здаровае зерне з дзяцінства. Гэтым зернем з’яўляецца вера ў Хрыста. Мы жывём у свеце, які папулярызуе алкаголь. Калі кожны хрысціянін пачне штосьці рабіць, каб паказаць прыгажосць веры, а не віна ў келіху, то Госпад дабраславіць нас і дапаможа пераадолець розныя цяжкасці.

Вольга ІгнатовічВольга Ігнатовіч:

– У цяперашні час залежнасць ад алкагалізму – адна з найважнейшых праблем. Усё пачынаецца з сям’і. Яна – падмурак усіх адносінаў. Зараз многія бацькі заклапочаны паляпшэннем матэрыяльнага дабрабыту і пакідаюць сваіх дзяцей без патрэбнай увагі і выхавання. Вырасла колькасць жанчын, што пакутуюць ад алкагольнай залежнасці. У сем’ях назіраецца недахоп веры. Кожны чалавек, я лічу, павінен прызнаць, што ён хворы, а гэта здараецца вельмі рэдка. Зараз існуе шмат розных груп АА (ананімных алкаголікаў), рознаўзроставых, для мужчын і жанчын. Іх праграма па пераадоленні залежнасці мае вялікі ўплыў. Так гавораць тыя, хто меў залежнасць на працягу многіх гадоў і пазбавіўся ад яе. Трэба выпускаць больш сацыяльных ролікаў, прысвечаных гэтай праблеме, праводзіць больш мерапрыемстваў у школах і іншых установах адукацыі. Тыя, хто пазбавіўся ад залежнасці, павінны даваць больш сведчанняў.

Вольга Красільшчыкава:Вольга Красільшчыкава

– Самае галоўнае, за такіх людзей трэба шмат маліцца. Людзі, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці, павінны адчуць, што іх любяць. Ім неабходна адчуваць, што блізкія клапоцяцца пра іх і разумеюць, што яны патрэбныя камусьці. Важна разгледзець прычыны ўзнікнення хваробы. Чаму чалавек пачаў ужываць алкаголь? Можа, яму не хапала падтрымкі? Можа, ён адчуў сябе непатрэбным? Гледзячы на людзей, якія вакол мяне, магу сказаць, што ніякія ўрачы і кадзіроўкі не дапамогуць чалавеку. Яны не вырашаць праблему, а толькі адцягнуць яе развязанне. Сёння дзейнічае Асацыяцыя ананімных алкаголікаў, дзе чалавек можа адкрыцца, даверыцца і ўбачыць, што ёсць людзі з такой жа праблемай. Важна, каб чалавек празнаў, што праблема ў яго ёсць. Сям’я, паразуменне, любоў, малітва і давер да Бога, цярплівасць – вось лекі ад гэтай хваробы.

Аляксандр Ніканчук:Аляксандр Ніканчук

– Як дарадчык сямейнага жыцця магу сказаць, што дапамагчы ім можна. І патрэбна дапамога не тольки ім, але і блізкім асобам. Пры некаторых парафіях ёсць сямейныя кансультацыі, дзе падрыхтаваныя спецыялісты дапамагаюць такім людзям. Сюды звярнуцца могуць не толькі тыя, хто церпіць ад залежнасці, але і тыя, хто жыве побач. Акрамя кансультацый, ёсць суполкі ананімных алкаголікаў. Там сустракаюцца людзі, якія церпяць ад залежнасці, і тыя, хто вырваўся з гэтых путаў. Ёсць адмысловая праграма, паводле якой яны працуюць. Для тых, хто зацікаўлены і патрабуе дапамогі, мой электронны адрас: nikonczuk@gmail.com

Ірына Грэйць

Вынікі анлайн-апытання на сайце Catholicnews.by і сацыяльных сетках

 У Беларусі многія людзі, у тым ліку і вернікі, перажываюць залежнасць ад алкаголю. Якім чынам, на Вашу думку, можна ім дапамагчы пераадолець гэтую хваробу?

  1. Трэба падымаць узровень жыцця людзей, бо многія п’юць праз бесперспектыўную будучыню – 34 галасы;
  2. Неабходна больш маліцца за гэтых людзей і ахвяраваць пост – 35 галасоў;
  3. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на выхаванне дзяцей і моладзі – 31 голас;
  4. Заканадаўства ў плане захавання цвярозага ладу жыцця павінна быць больш строгім – 10 галасоў;
  5. Трэба, каб кошты на алкагольныя напоі былі яшчэ больш высокімі – 10 галасоў.
  6. Ваш адказ у каментарыях – 1 голас

 Усяго прагаласаваў 121 чалавек

для друку для друку