Як павянчацца з праваслаўным мужам у сталым узросце?

 “Хвала Хрысту! Праз «Каталіцкі Веснік» хачу атрымаць адказ на маё пытанне. У дзяцінстве і юнацтве я хадзіла ў касцёл, спавядалася і прымала Камунію. Потым выйшла замуж за праваслаўнага. Ён ваенны, служылі там, дзе не было касцёла. Жылі без касцельнага шлюбу. Вярнуліся ў Беларусь. Я пачала хадзіць у касцёл, але не спавядаюся і не прымаю Камунію. Мы жывём з мужам разам многа гадоў. Цяпер нам па 70 гадоў. Ці можна ў старасці, пасля столькіх гадоў сумеснага жыцця спавядацца і прымаць Камунію? Калі гэта немагчыма, адкажыце праз газету, як трэба зрабіць? Як павянчацца з праваслаўным мужам?” Кацярына

На пытанне адказвае айцец Аркадзь Куляха OCD (Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага, Пінск):

– Паважаная Кацярына!

Гісторыя Вашага жыцця, хоць выключная з погляду непаўторнасці чалавечай асобы, але падобная да гісторыі шматлікіх людзей. Вашыя бацькі перадалі Вам дар веры і навучылі маліцца, за што Вы, без сумневаў, дзякуеце Богу і ім. Гэта вельмі вялікі бацькоўскі дар! Шмат гадоў прайшло з таго часу… Цяпер Вы зрабілі вельмі важны крок пасля вяртання на радзіму – сталі нанова наведваць касцёл і прагнеце прымаць сакраманты.

Сакрамант споведзі, устаноўлены Езусам Хрыстом, – гэта дар для вернікаў, бо дзякуючы яму мы можам наблізіцца да Божай міласэрнасці, атрымаць прабачэнне грахоў і асвячальную ласку. Згодна з навучаннем Касцёла, не можа атрымаць адпушчэння грахоў у споведзі і прымаць Святую Камунію вернік, які жыве ў несакрамантальным шлюбе. Пра сітуацыю такіх вернікаў пісаў святы Ян Павел ІІ, прыпамінаючы, што Касцёл праяўляе адносна іх любоў, аднак не можа іх дапусціць да сакрамантаў, таму душпастыры робяць намаганні, каб прывесці іх да ўпарадкавання свайго становішча, г. зн. да сакрамантальнага шлюбу[1]. Не заўсёды жыццё без касцельнага шлюбу ёсць вынікам адварочвання ад Бога ці нязгоды з каталіцкай дактрынай. Гэта бывае таксама матывавана культурным кантэкстам або іншымі акалічнасцямі, а самі вернікі з цягам часу нават пасля многіх гадоў сумеснага жыцця звяртаюцца да сваіх святароў з просьбай аб удзяленні сакраманту шлюбу. Пра сітуацыю такіх вернікаў піша Папа Францішак, заахвочваючы іх імкнуцца да паўнаты сужэнства і сям’і[2].

Змешаныя сужэнствы не рэдкасць у нашай краіне, беручы пад увагу той факт, што Бог наканаваў пад адным беларускім небам жыць і католікам, і праваслаўным, ды людзям іншых веравызнанняў. Таксама заканадаўствам Каталіцкага Касцёла выпрацаваныя прынцыпы падрыхтоўкі да змешанага шлюбу і літургічныя нормы яго ўдзялення. Пры гэтым трэба зазначыць, што праваслаўны мае права застацца пры сваім веравызнанні. Дастаткова звярнуцца да пробашча сваёй парафіі, г. зн. па месцы жыхарства, каб атрымаць адпаведную дапамогу. Святар распазнае Вашу сітуацыю і, беручы пад увагу абставіны, прапануе неабходныя дзеянні. Касцёл, паслухмяны Пану Езусу Хрысту, з вялікай радасцю бласлаўляе як маладых нарачоных, так і тых, хто пасля шматлікіх гадоў сумеснага жыцця вырашае ўпарадкаваць свае адносіны з Богам. Нельга думаць, што ўзрост можа тут быць перашкодай. Нельга таксама саромецца людзей у такім пытанні, бо гэта добрая справа і радасць не толькі для сужэнцаў, але і для супольнасці мясцовай парафіі. І для ўсяго Неба!

Ва ўзгаданай вышэй адгартацыі Папа Францішак заахвочвае, каб мы безупынна імкнуліся да таго, што нас пераўзыходзіць, а таксама перамагалі свае абмежаванні і ніколі не трацілі надзеі, але імкнуліся да паўнаты любові і еднасці, якія нам абяцаныя Богам[3].

Паважаная Кацярына! Дзякуй Вам за пастаўленае пытанне, якое можа цікавіць і іншых чытачоў “Каталіцкага Весніка”. Я ўпэўнены, што Бог Вам удзеліць шмат ласкаў дзеля паспяховага вырашэння справы шлюбу і набліжэння да крыніц міласэрнасці. На заканчэнне прапаную 1448 нумар “Дзённіка св. Фаўстыны”: “Пішы, гавары пра Маю міласэрнасць. Скажы душам, дзе яны павінны шукаць суцяшэння, – у судзе міласэрнасці [4]. Там – найвялікшыя дзівосы, якія пастаянна паўтараюцца. Каб заслужыць гэты цуд, не трэба здзяйсняць ні далёкай пілігрымкі, ні якіхсьці знешніх абрадаў – дастаткова з вераю прыступіць да падножжа Майго намесніка і сказаць яму пра сваю бяду, і цуд Божай міласэрнасці з’явіцца ва ўсёй паўнаце. Нават калі душа, як труп, загнівае, і ў людскім разуменні ўваскрашэнне ўжо немагчымае, і ўсё ўжо страчана, для Бога гэта не так. Цуд Божай міласэрнасці ўваскрашае такую душу ва ўсёй паўнаце. Бедныя тыя, хто не карыстаецца гэтым цудам Божай міласэрнасці. Дарэмна будзеце клікаць: будзе ўжо запозна”.

[1] Пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 82.

[2] Пар. Францішак, Апостальская адгартацыя Amoris laetitia, 294.

[3]

Пар. Тамсама, 325.

[4] Гэта значыць, у сакраманце пакаяння.

для друку для друку