Як павінна быць па-беларуску: У трох кроках ад прыпынку ці за тры крокі ад прыпынку?

belmovaАпошнім часам у нашай мове значна пашырылася пры абазначэнні адлегласці да аб’екта выкарыстанне канструкцыі “прыназоўнік у + месны склон колькасна-іменнага спалучэння”: у двух кроках ад прыпынку, у дваццаці кіламетрах ад горада, у дзесяці метрах ад дома і г.д. Але ці не парушаюцца тут правілы будовы словазлучэння? Паспрабуем разабрацца.

У згаданых канструкцыях рэалізуецца прасторавае значэнне. У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (Мінск, 1983) падаецца дзевяць выпадкаў, калі прыназоўнік у адлюстроўвае прасторавыя адносіны (Т. 5, с. 586-587). Але абсалютна лагічна тут не фіксуецца магчымасць яго выкарыстання пры абазначэнні адлегласці да аб’екта. У такіх выпадках варта ўжываць прыназоўнік за з колькасна-іменным спалучэннем у вінавальным склоне. Як гэта і рэкамендуе рабіць “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” (Мінск, 1996), дзе чытаем, што прыназоўнік за “ўказвае на адлегласць, у межах якой што-небудзь знаходзіцца: за дваццаць кіламетраў адгэтуль” (с. 203).

На жаль, у апошнія гады мы ўсё часцей сутыкаемся з няправільным ужываннем згаданай канструкцыі. Прычым гэта характэрна і для сродкаў масавай інфармацыі. Так, напрыклад, фіксуем: У выніку буйнога ДТЗ, якое адбылося раніцай12 кастрычніка ў 50 кіламетрах на поўдзень ад Варшавы, загінула 17 чалавек… (Звязда, 13.10.10); Метрах у ста ад берага на крызе памерамі 10 на 15 метраў знаходзяцца тры чалавекі (Звязда, 29.03.11); Юнацтва” спынілася ў кроку ад Кантынентальнага кубка (Звязда, 17.01.12); У вёсцы Лысая Гара, што ў трыццаці кіламетрах ад Мінска, круглымі суткамі вырабляюць царкоўныя свечкі (Звязда, 09.02.13); Цяперашні аэрапорт… знаходзіцца прыблізна ў дзесяці кіламетрах ад горада (Звязда, 24.06.15). Тут намі прапанаваныя кантэксты з газеты “Звязда” – штодзённага аўтарытэтнага беларускамоўнага дзяржаўнага выдання – за пяць апошніх гадоў. Але адна і тая ж памылка паўтараецца з нумара ў нумар. Прычына, на наш погляд, у тым, што і журналісты, і карэктары знаходзяцца пад уплывам рускамоўных сінтаксічных традыцый, бо падобная канструкцыя акурат дублюе адпаведную рускамоўную. У беларускай мове такі характар будовы дадзенага словазлучэння недапушчальны.

Такім чынам, па-беларуску павінна быць, напрыклад, за два крокі ад прыпынку (а не ў двух кроках), за дваццаць кіламетраў ад горада (а не ў дваццаці кіламетрах), за дзесяць метраў ад дома (а не ў дзесяці метрах).

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку