Як павінна быць па-беларуску: “расказаць аб гэтым” ці “расказаць пра гэта?”

belmovaУ сучаснай моўнай практыцы паралельна ўжываюцца абедзве сінтаксічныя канструкцыі. Але іх не варта лічыць раўнапраўнымі з пункту гледжання культуры маўлення.

Увогуле трэба пазбягаць выкарыстання ў беларускай мове канструкцыі аб + месны склон, аддаючы перавагу формуле пра + вінавальны склон: не думаць аб родных, а думаць пра родных, не распавядаць аб гэтым, а распавядаць пра гэта, не марыць аб каханні, а марыць пра каханне і г.д. Вядомы беларускі лінгвіст прафесар Ф. Янкоўскі называў канструкцыю “аб + месны склон” штучнай, пазычанай з рускай мовы.

Але ў некаторых выпадках прыназоўнік аб з рознымі склонамі можа ўжывацца ў літаратурнай мове. Так, прыназоўнік аб трэба лічыць нарматыўным пры наступных умовах:

а)  калі што-небудзь ці хто-небудзь сутыкаецца з чым-небудзь ці з кім-небудзь у працэсе руху (кроплі дажджу стукаюць аб шыбы, ударыць кулаком аб стол, біцца галавой аб сцяну);

б) калі ўказваецца на ядомае рэчыва ва ўстойлівых спалучэннях (аб адной вадзе сыты не будзеш; аб малаку ног не павалаку);

в)  калі ўказваецца на пэўны прамежак часу, у межах якога адбываецца дзеянне (вярнуўся з горада аб адзін дзень; вярнуўся з Амерыкі аб адзін год).

г)  калі аб ужываецца ў афіцыйна-справавым стылі (Закон аб мовах, Закон аб аўтарскіх правах, Кодэкс аб адукацыі).

Прыназоўнік аб з месным склонам мэтазгодна выкарыстоўваць і ў тых нешматлікіх, адзінкавых выпадках, калі ў тэксце ўтвараецца непажаданае сугучча, назіраецца нематываваны паўтор аднолькавых гукаў ці складоў. Напрыклад: Прапанова пра пралангацыю пагаднення будзе разгледжана пазней. У гэтым сказе варта замяніць схему “прыназоўнік пра + вінавальны склон” на канструкцыю “прыназоўнік аб + месны склон”, што якраз і дазволіць пазбегнуць непажаданага паўтору аднолькавых складоў: Прапанова аб пралангацыі пагаднення будзе разгледжана пазней.

Такім чынам, па-беларуску варта выкарыстоўваць спалучэнне “расказаць пра гэта”, а не “расказаць аб гэтым”.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку