Як павінна быць па-беларуску: пайсці за вадой ці пайсці па ваду?

belmovaУ сучаснай моўнай практыцы, як вуснай, так і пісьмовай, досыць часта можна сустрэць канструкцыі кшталту пайсці за вадой, паехаць за бульбай, выправіць за доктарам і г.д. Паводле падобнай схемы традыцыйна будуюцца аналагічныя словазлучэнні ў рускай мове: дзеяслоў + прыназоўнік за + назоўнік у творным склоне.

Для нашай жа мовы гэта ёсць не што іншае, як звычайнае калькаванне, перайманне чужой сінтаксічнай мадэлі. Вядомы айчынны пісьменнік, выдатны знаўца беларускага слова Кастусь Цвірка пісаў, што “беларускую літаратурную мову трэба сёння лячыць, лячыць ад… каросты шматвяковай русіфікацыі, ад суцэльнага калькавання, вызваляць з-пад чужой ёй структуры” (“Літаратура і мастацтва”, 12. 03. 1993). І было б яшчэ паўбяды, калі б з падобнымі ўжываннямі мы сутыкаліся толькі ў вусным маўленні на побытавым узроўні. Але ж названая схема фіксуецца і ў словазлучэннях, што выкарыстоўваюцца на старонках газет. Як рэгіянальных, так і цэнтральных. Напрыклад: За прафесіяй – у Полацкі ўніверсітэт (Загаловак. “Веснік Глыбоччыны”, 16.03.11); За дзічынай – з арбалетам (Загаловак “Звязда, 29.09.11); Выбірайце сабе занятак па душы і айда за здароўем і прыгажосцю ў фітнэс-клубы (“Наша ніва”, 26.10.11); А лучынскія ж прадавачкі за словам у кішэню не лезуць (“Звязда”, 10.01.12); Далёка за прыкладам хадзіць не патрэбна (“Наша ніва”, 2.11.11); На Гродзеншчыну – за натхненнем (Загаловак “Звязда”, 19.05.12); Вось гэта ўсё і прымусіла мяне звярнуцца… за дапамогай (“Народная воля”, 16.11.12). Ва ўсіх прыведзеных кантэкстах дапушчана грубая памылка ў будове словазлучэння. Правіла нам гаворыць, што пры абазначэнні мэты дзеяння ў беларускай мове ўтвараецца словазлучэнне дзеяслоў + прыназоўнік па + вінавальны склон назоўніка ці займенніка. Таму ў згаданых вышэй фрагментах павінна было б быць: па прафесію, па дзічыну, па здароўе, па слова, па прыклад, па натхненне, па дапамогу.

Граматыка дапускае выключэнне, калі гаворка ідзе пра намер выправіцца, напрыклад, у лес, каб там назбіраць грыбоў ці ягад. Гэта значыць, пайсці ў грыбы, у ягады, у чарніцы, у суніцы і г.д.

Такім чынам, адказваючы на пастаўленае ў загалоўку пытанне, варта памятаць, што правільна па-беларуску будзе не пайсці за вадой, а пайсці па ваду.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку