Як паравільна сказаць: на Беларусі ці у Беларусі? На Украіне ці ва Украіне?

uСёння і ў вусным маўленні, і ў пісьмовай практыцы, напрыклад, на старонках газет, сустракаюцца розныя ўжыванні згаданых канструкцый – з прыназоўнікамі на і ў (ва). Але ці можна іх разглядаць як раўнапраўныя? Пры больш дэталёвым аналізе выяўляецца, што сітуацыя тут не такая і простая.

Прыназоўнік на сярод іншых рэалізуе і значэнне “на паверхні, на плошчы, на тэрыторыі без акрэсленых межаў”. Традыцыйна ён выкарыстоўваецца з назвамі выспаў ці астраўных дзяржаў.

Таму мы кажам: на Кіпры, на Багамах, на Кубе, на Балі і г.д. Таксама прыназоўнік на будзе дарэчным пры ўказанні на пэўныя тэрыторыі ў межах адпаведнай дзяржавы: на Віцебшчыне, на Глыбоччыне, на Палессі, на Жытоміршчыне і г.д. Яшчэ адзін важны момант – выкарыстанне прыназоўніка на пры назве мясцовасцяў, размешчаных вакол гор ці рэк: на Каўказе, на Урале, на Дняпры, на Дунаі, горад на Дзвіне і інш.

З назвамі кантынентальных краін (не астраўных) традыцыйна ўжываецца прыназоўнік у. Таму мы і кажам, напрыклад, у Польшчы, у Літве, у Злучаных Штатах Амерыкі, у Нямеччыне. Значыць, павінна быць у Беларусі і ва Украіне.

У апошнім выпадку выкарыстоўваецца варыянт прыназоўніка у – ва, бо паводле фанематычных асаблівасцяў цяжка вымавіць у Украіне. З гэтага вынікае, што канструкцыі ў Беларусі і ва Украіне з’яўляюцца правільнымі і лагічнымі.
Дарэчы, і класікі беларускай і ўкраінскай літаратуры аддавалі перавагу якраз такім ужыванням.

Прывядзём колькі прыкладаў. Васіль Быкаў: Толькі ў Беларусі за час яжоўска-берыеўскіх рэпрэсій 30-ых гадоў знішчана каля двух мільёнаў чалавек; Пімен Панчанка: Мала ў Беларусі разумных гісторыкаў, якія любяць і ведаюць родную гісторыю; Тарас Шаўчэнка: Мені однаково, чи буду я жить в Україні, чи ні. Тут варта прыгадаць меркаванне праф. Лепешава, што “ спалучэнне на Украіне, хутчэй за ўсё, узнікла ў Расіі.

Пасля таго, як Украіна стала часткай Расійскай імперыі, слова Украіна пачалі (з шавіністычных пазіцый) атаясамліваць з окраиной (ускраінай). Па аналогіі з на окраине стала ўжывацца на Украіне” (Лепешаў І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні. – Гродна, 2002. – с. 190).

У рускай мове і сёння найчасцей захоўваецца выкарыстанне канструкцыі на Украине, што мае не столькі ўласнамоўны, колькі ідэалагічны, праімперскі падтэкст, адлюстроўвае імкненне прынізіць статус самастойнай дзяржавы.

Звяртае на сябе ўвагу, што мэтазгоднасць ужывання спалучэння ў Беларусі падкрэслівалася яшчэ ў выдадзенай у 1977 годзе ў Мінску манаграфіі нашага вядомага лінгвіста М. С. Яўневіча “Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове”. Аўтарытэтны навуковец піша, што “прыназоўнікава-склонавая форма на Беларусі паводле значэння блізкая да спалучэння на тэрыторыі Беларусі, а ў Беларусі – да спалучэння ў Беларускай рэспубліцы” (с. 234).

Як бачна, гэта было канстатавана задоўга да абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Такім чынам, падсумоўваючы сказанае, адзначым, што ў нашай мове з назвамі дзяржаў Беларусь і Украіна павінен ужывацца прыназоўнік у (ва). Гэта значыць, напрыклад, мы былі (жывём) у Беларусі і ва Украіне, а не на Беларусі і на Украіне.

Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук

для друку для друку