Як па-хрысціянску даглядаць за хворым? 10 парад для хворых і іх апекуноў

Апека над хворым членам сямʼі – гэта сапраўдны выклік. Што рабіць, каб такая прысутнасць каля цяжкахворага стала сапраўднай праявай міласэрнасці і магчымасцю для росту ў ласцы і любові да Бога? Людзі з акружэння хворага таксама маюць патрэбу ў падтрымцы.

Вядома, блізкія хворага самі не захварэюць ад апекі над пакутнікам. Аднак гэта не азначае, што яны не маюць патрэбы ў падтрымцы. Яны не павінны праходзіць працэдуры або знаходзіцца ў шпіталі, як чалавек, якога спасцігла хвароба, але часта яны адчуваюць сябе так жа перагружанымі эмоцыямі, адчуваюць страх, няўпэўненасць, боль, бяссілле, адсутнасць надзеі, стомленасць ці гнеў, хоць і не хварэюць. Іх роля безкаштоўная: яны падтрымліваюць хворага, суправаджаюць яго на кожным кроку, спрабуючы адказаць на ўсе патрэбы.

Да таго ж, звычайна ў добрым настроі, з усмешкай яны палягчаюць пакуты, нават калі самі хочуць крычаць ад болю. Вось чаму апекуноў хворых таксама варта акружаць любоўю і падтрымкай; ставіцца да іх цярпліва і з разуменнем. Тыя, хто ў духу любові дапамагаюць сваёй прысутнасцю хвораму несці крыж, на падабенства Сымона з Кірынэі – гэта сапраўдныя героі, якія застаюцца ў ценю.

Прапануем 10 парад, да якіх варта прыслухацца, калі нас напаткала навіна пра хваробу кагосьці з сямʼі – памятаеце, што пры такіх абставінах кожны (і сам хворы, і яго родныя) мае права на ўласную рэакцыю. Увогуле ўсе мы рэагуем аднолькава на такую навіну, але спосаб праяўлення нашых эмоцый бывае розным. Няма лепшага або горшага, проста ўсе мы розныя.

1. Калі ўжо пройдзе шок, выкліканы гэтым паведамленнем, і мы адновім хоць нейкую раўнавагу, варта паспрабаваць паглядзець на ўсю сітуацыю з іншай перспектывы: выйсці за чыста чалавечае бачанне і запрасіць Бога, каб Ён суправаджаў нас на гэтым этапе нашага шляху. Калі мы не верым у Бога, то, можа, гэта зручны момант, каб увайсці ў прастору веры. Калі мы ідзем па жыцці з Богам, гэты нялёгкі перыяд будзе выглядаць інакш, чым тады, калі мы спадзяемся толькі на сябе.

2. Бог не дае цяжкасцей не пад сілу. Памятаеце пра гэта ўвесь час. Амаль заўсёды хворы здзіўляе нас надзвычайнай, незразумелай для нас сілай духа, тады як блізкія перажываюць трагедыю, адчуваюць сябе слабымі і бездапаможнымі.

3. Гэтая канкрэтная сітуацыя, а не наша ўяўленне пра яе – гэта крыніца ласкі. Таму мы павінны вельмі сачыць за нашымі думкамі, паколькі яны могуць стаць нашым лютым ворагам. Менавіта яны могуць высмактаць усе сілы, паралізаваць нас і стрымаць перад наступным крокам на гэтым цяжкім шляху і выкананнем таго, чаго чакае ад нас Бог. Усялякую хваробу трэба перажываць, не забягаючы наперад больш чым на адзін дзень, памятаючы, што кожны дзень мае «даволі свайго ліха». Асабіста для мяне гэта запрашэнне не задумвацца над тым, што прынясе будучыня, не мучыцца, прадстаўляючы горшыя сітуацыі.

4. Прысутнічаць пры хворым з удзячнасцю. Памятаеце, што гэта сапраўдны гонар і вялікі прывілей, выдатная праява міласэрнасці і магчымасць расці ў ласцы і любові да Бога.

5. Узрастаць у пакоры. Хварэючы, мы адчуваем бяссілле і аддаём сябе ў рукі сваякоў і сяброў. Гэта адна з найбольшых праяў пакоры, бо, маючы патрэбу ў дапамозе, мы дазваляем блізкім служыць нам. Варта ахвотна прымаць дапамогу ад блізкіх, таму што такім чынам мы дапамагаем ім расці ў любові і даем пачуццё задавальнення ад такога служэння. Наша хвароба становіцца для іх прасторай благаслаўлення і міласэрнасці. Калі ж гэта мы апякуемся хворым у сямʼі, варта шчыра расказваць пра свае магчымасці і абмежаванні, абавязкова з любоўю і пакорай прызнавацца ў стоме, стрэсе ці неабходнасці адпачынку. Аднак ніколі нельга сябе шкадаваць.

6. Мы павінны жыць далей. Гэта праўда: мы ўвесь час знаходзімся з хворым, аднак не можам забываць, што за рэальнасцю хваробы працягваецца нармальнае жыццё. Вельмі важна, спрабуючы знайсці сябе ў новай сітуацыі, не адмаўляцца пры гэтым ад сваіх планаў. Улічваючы новыя абставіны нам варта знайсці новы спосаб іх ажыццяўлення. Сам факт узаемадапамогі ў цяжкую хвіліну не павінен быць перашкодай для рэалізацыі розных праектаў, планаў або выканання жаданняў, вядома, з улікам абмежаванняў, упісаных у рэчаіснасць хваробы.

7. Цярпліва паўтараць поўныя любові словы суцяшэння: «Я тут для цябе, таму што ты для мяне важны. Я цябе люблю. Дзякуй, што дазваляеш мне быць побач з табой незалежна ад таго ў добрым ты настроі, ці пакутуеш або адчуваеш сябе стомленым. Гэта для мяне вялікі гонар». Часта гэта адзіныя словы, у якіх мае патрэбу хворы. Гаворка ідзе пра тое, каб пераконваць яго: ён можа разлічваць на нас, і мы не пакінем яго ў гэтую цяжкую і пакутлівую хвіліну.

8. Павялічваць свае веды. Узяўшы на сябе ролю апекуна, варта шукаць інфармацыю аб усіх стадыях хваробы, з якімі наш блізкі чалавек сутыкнецца. Варта прачытаць кнігу «Круг жыцця» Элізабэт Кюблер-Рос, амерыканскага псіхолага швейцарскага паходжання, якая апісвае этапы, якія праходзіць хворы: адмаўленне, гнеў, разважанні, адчай (дэпрэсія) і прыняцця сваёй хваробы. Гэта можа адбывацца не ў прадстаўленай паслядоўнасці. Такую мадэль можна аднесці і да людзей, якія страцілі сваіх блізкіх.

9. Дбайце аб прыемнай атмасферы ў вашым доме і падчас сямейных сустрэч. Нельга дазволіць, каб хвароба пачала дамінаваць у нашых размовах і заняла цэнтральнае месца ў нашым жыцці.

10. Усведамленне ўласных пачуццяў. І хворы, і людзі з яго атачэння павінны навучыцца выказваць свае пачуцці, сумненні, дылемы, страхі або чаканні. Яны павінны дзяліцца сваімі адчуваннямі, думкамі і назіраннямі на тэму таго, як на іх уплывае хвароба, што яна змяніла ў іх жыцці. Варта зразумець сваё стаўленне да пакутаў і навучыцца распавядаць пра тое, што ў нас цяпер ляжыць на сэрцы. Звычайная размова – гэта лепшая магчымасць такога абмену вопытам і пазнання свету іншага чалавека. Тады ў нас атрымаецца апісаць словамі тое, што адбываецца ў нас: «Баюся, таму што не ведаю, што мяне чакае ў гэтай хваробы. Я злы на хваробу, а не на цябе, я цябе бязмерна люблю… »

aleteia.org

 

для друку для друку