Як не баяцца смерці?

smerc-strah “Я баюся смерці. У мяне ўсё ў парадку, я здаровы, малады. Але панічна баюся памерці. Я вернік. Але смерць мяне палохае. Як мне перамагчы свой страх? Ці, можа, гэтага не трэба рабіць?” Віктар

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Смерць не з’яўляецца нечым прыродным для чалавека. Мы былі створаныя Богам для вечнага жыцця, і гэтае прагненне застаецца ў глыбіні нашай сутнасці. Аднак «як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет, і праз грэх – смерць, гэтак і смерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі зграшылі» (Рым. 5, 12), «бо заплата за грэх – смерць» (Рым. 6, 23). Мы знаходзімся ў стане, калі нашая душа перажывае сваю несмяротнасць, але грэх стаў прычынай смяротнасці нашага цела.

Цалкам лагічна: людская сутнасць супраціўляецца такому непрыроднаму стану рэчаў. Смерць непрыродная, калі мець на ўвазе, якімі нас стварыў Бог. «Хоць чалавек і меў смяротную прыроду, Бог прызначыў яму не паміраць. Такім чынам, смерць супярэчыла задуме Бога-Творцы і ўвайшла ў свет як наступства граху» (ККК 1008). Разам з тым смерць цяпер з’яўляецца непазбежным і неабходным элементам нашага збаўлення. Гэта новы аспект нашага існавання ў гэтым свеце дзякуючы ўцелаўленню і смерці Божага Сына Езуса Хрыста і якога не было да гэтага. «Дзякуючы Хрысту хрысціянская смерць набыла станоўчы сэнс» (ККК 1010). Без Хрыста смерць была страшнай з’явай, поўнай адчаю і бессэнсоўнай. Як пісаў у часы Старога Запавету Эклезіяст, «доля ў сыноў чалавечых і доля ў жывёлін – доля адна; як паміраюць тыя, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханне ва ўсіх, і няма ў чалавека над жывёлінаю перавагі, бо ўсё – марнасць!» (Экл. 3, 19). Але цяпер наша становішча змянілася: «Бо для мяне жыццё – гэта Хрыстос, і смерць – здабытак» (Флп. 1, 21).

У смерці Бог заклікае чалавека да Сябе. Таму хрысціянін можа адчуваць у адносінах да смерці такое жаданне, якое адчуваў апостал Павел: «Жадаю адысці і быць з Хрыстом, бо гэта нашмат лепшае» (Флп. 1, 23).

Смерць палохае чалавека сваёй невядомасцю, нявызначанасцю. Але цяпер у смерці ёсць надзея, ёсць святло. Да гэтага святла мы ідзём і дзеля яго мы жывём тут. Мы жывём у свеце, будучы створаныя не для гэтага свету. Смерць – гэта дар, які вызваляе нас ад кайданаў, у каторыя нас закаваў грэх. Смерць – гэта канец нашага бегу, нашага змагання: «Кожны, хто ідзе ў спаборніцтва, усяго сябе адмаўляе; яны – каб атрымаць вянец знішчальны, а мы – незнішчальны» (1 Кар. 9, 25).

Тое, што дазваляе нам пазбавіцца ад страху перад смерцю, – гэта вера і любоў да Бога. «У любові няма страху, бо дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару. Хто баіцца, той не дасканалы ў любові» (1 Ян. 4, 18).

для друку для друку