Як можна быць шчаслівым у небе, калі ў пекле пакутуюць нашыя бліжнія?

 “Як могуць быць шчаслівымі людзі (душы), якія знаходзяцца ў раі і ўсведамляюць, што ёсць тыя, хто будзе вечна пакутаваць у пекле? Улічваючы, што ў царстве д’ябла могуць знаходзіцца іх родныя, сябры, проста знаёмыя”. Аляксей, 24 гады

На пытанне адказвае ксёндз Алег Пятрашка:

– Напэўна, мы не раз задавалі сабе пытанні: “Як будзе ў небе, чысцы ці пекле? Як там будзе функцыянаваць чалавек?”.

Адказу ў падрабязнасцях мы не знойдзем, бо галоўная крыніца ведаў пра духоўнае жыццё і існаванне пасля смерці – Біблія – не распавядае пра гэта. Але прыадкрыць сутнасць таямніцы мы можам.

Пасрэдным адказам могуць быць словы Езуса на пытанне садукеяў, запісаныя ў Евангеллі паводле Лукі (Лк 20, 27–36). Хрыстос кажа, што радасць з прабывання з Богам у раі настолькі вялікая, што мы будзем падобныя да анёлаў.

Што датычыць пытання адносна сумяшчальнасці пачуцця шчасця ў раі з усведамленнем пакуты бліжняга ў пекле – яно закранае сферу нашага пазнання, інтэлектуальнай адзнакі рэчаіснасці. Сустрэча з Богам асвеціць наш розум і адкрые праўду пра саміх сябе і пра ўсе здарэнні, што датычылі нас у зямным жыцці. Цярпенне чалавека ў пекле – гэта, у канечным выніку, яго ўласны выбар, адхіленне любові Бога і Яго прапановы вечнага шчасця. Пазнанне гэтай бязмежнасці дасць асобе магчымасць убачыць любоў і справядлівасць Пана: замест скрасці ў нас шчасце ў раі, Ён, наадварот, хоча яго павялічыць.

У нашым зямным разуменні справядлівасць, радасць, любоў, нават Божая міласэрнасць маюць пачаткавы ўзровень, нібы прадчуванне таго, што будзе ў раі. Таму ўбачыўшы, што некаторыя людзі адштурхнулі любоў Бога, жыхары раю напоўняцца ўпэўненасцю, што Бог з’яўляецца бясконца справядлівым і міласэрным, бо прагне ратаваць кожную чалавечую душу да апошняй хвіліны зямнога жыцця.

grodnensis.by

для друку для друку