Як моладзь знайшла Бога праз музыку. Гісторыя ўзнікнення музычнага гурта «Veni»

У сацыяльным служэнні Каталіцкага Касцёла асобае месца займае праца з моладдзю, асноўная мэта якой, з’яўляецца духоўнае і маральнае ўзрастанне маладых людзей. Папулярызацыя агульнахрысціянскіх каштоўнасцей у моладзевым асяроддзі – неад’емная частка жыцця парафіі Св. Міхала ў Навагрудку. Хлопцы і дзяўчаты не толькі наведваюць св. Імшу, але і прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні розных мерапрыемстваў.

Знайсці прымяненне сваім талентам і здольнасцям могуць і спартсмены, і музыкі, і мастакі, і проста тыя, хто хоча зрабіць добрую справу. Сярод валанцёраў і ўдзельнікаў можна сустрэць не толькі католікаў, але і маладых людзей іншых канфесій. Асобае месца ў жыцці парафіі займае музыка – для навагрудчан праводзяцца канцэрты духоўнай і класічнай музыкі, арганізуюцца музыкальныя вечары і майстэрні.

Два гады таму, пры касцёле была створана моладзевы хрысціянскі гурт. З часам яна набыла назву – “Veni”, што з лацінскай мовы азначае “прыдзі”. У гэтым слове сутнасць усіх кампазіцый, якія выконвае калектыў, заклікаючы чалавека прысці да веры. Я вырашыла бліжэй пазнаёміцца з маладзёнамі і сустрэлася з імі на адной з рэпетыцый, якія праходзяць у адным з храмавых памяшканняў. Тут знаходзяцца музычныя інструменты і гукаабсталяванне, а добрая гукаізаляцыя дазваляе гурту праводзіць рэпетыцыі ў кожны час, нікому не перашкаджаючы.

Састаў гурта некалькі разоў змяняўся і на дадзены момант ён складаецца з сямі чалавек ва ўзросце 13-25 гадоў. Адныя яшчэ навучаюцца ў школе, а некаторыя ўжо працуюць і атрымоўваюць вышэйшую адукацыю завочна. Усе яны вельмі розныя, аднак іх аб’ядноўвае вера, талент і любоў да музыкі.

— Разам нас сабраў кс. Юрый, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла. Яго зацікаўленнасць кожнай справай і шчырае жаданне, каб кожная з іх прыносіла карысць людзям і духоўную радасць, не застаўляла нікога абыякавым. Дзякуючы кс. Юрыю мы не проста існуем як калектыў, але і развіваемся, пашыраючы рэпертуар і прымаючы актыўны ўдзел у канцэртах духоўнай музыкі ў розных гарадах Беларусі. – распавялі маладзёны.

Данік Сакевіч грае на барабанах. Ён самы малады ў гурце, а ў калектыў прыйшоў адным з першых. З першых дзён у групе і гітарыст Яўген Чарнецкі – звычайна іграе на электрагітары. Юлія Аскерка, Кацярына Шчыкалава і Дар’я Аўсяная – вакалісты. Апрача таго, пры выкананні кампазіцый, у якіх неабходна выкананне клавішных інструментаў, Юлія — на сінтэзатары (не змагла прыняць удзел у сустрэчы). Марк Крывіцкі апрача ігры на гітары, яшчэ і гукарэжысёр. А яго родная сястра і бас гітарыст – Яна Крывіцкая, таксама выконвая абавязкі адміністратара. Гэта асноўныя іх ролі ў калектыве і калі гэта неабходна без цяжкасцей могуць імі замяніцца або выканаць партыю на іншых музычных інструментах.

Што цікава, большасць з іх нават не заканчвалі школы мастацтваў, а калі нават і вучыліся, то зусім у іншых напрамках. Нездарма кажуць, таленавіты чалавек, таленавіты ва ўсім.

— У нас хрысціянская група, таму канечне ж усе тэксты духоўнага зместу. А вось музыка можа быць самая розная – класічная, джазавая нават і рок, — расказваюць суразмоўцы. – Першапачаткова выконвалі песні іншых, ужо вядомых хрысціянскіх гуртоў. Цяпер жа часцей за ўсё бярэм гатовы тэкст, а вось музыку падбіраем самі, як кажуць на слух. За час існавання групы мы выканалі больш за 240 кампазіцый. Выступалі не толькі ў касцёлах Навагрудка і Ўселюба, але і ў Бярозаўцы, Іўі, Жодзіна, і двойчы ў Мінску. Наведалі фестываль у Баранавічах і далі асобны канцэрт у Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Маладзёны не любяць сядзець без справы, таму з радасцю прымаюць прапановы паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. Напрыклад у студзені гэтага года гурт “Veni” выступіў падчас раённага мерапрыемства памяці Уладзіміра Высоцкага.

Сем чалавек, яшчэ не мяжа. Мы гатовыя прыняць у свой калектыў і іншых таленавітых хлопцаў і дзяўчат, якія жывуць з верай у душы, любяць музыку і ўмеюць спяваць або граць на музычных інструментах, — сказалі на завяршэнне ўдзельнікі гурта.

Музыка не проста стварае нам добрае самапачуццё, вызваляе ад смутку ці памагае зняць стрэс. Музыка – гэта яшчэ і магчымасць даведацца чагосьці новага аб іншых людзях і свеце. Асаблівае месца ў ёй займаюць кампазіцыі духоўнага зместу, здольныя аб’яднаць людзей розных поглядаў, узросту і нацыянальнасці. Як заўважыў адзін з класікаў, музыка не ведае межаў. Спадзяюся, што межы музыкі, якую выконваюць удзельнікі гурта “Veni” будуць пастаянна пашырацца, аб’ядноўваючы моладзь па ўсёй Беларусі.

А. Пятрова

для друку для друку