Як маліцца аб навяртанні родных?

???????????????????Якія трэба малітвы чытаць аб навяртанні сваіх родных, членаў сям’і (не моляцца і не ўдзельнічаюць у Літургіі), якія яшчэ хрысціянскія практыкі будуць неабходныя і дзейсныя ў гэтым выпадку? (Вядома, што пра малітву, Літургію, споведзь, Камунію, учынкі міласэрнасці і ахвяраванні, пілігрымкі — я ведаю і стараюся выконваць). Але што яшчэ трэба выканаць, каб яны сапраўды навярнуліся?

На пытанне адказвае а. Міхаіл Раманаў OP:

Хрыстос Уваскрос! Я разумею ваш боль і тугу па прычыне таго, што вашы сваякі не вераць у Бога. На маю думку, кожны свядомы хрысціянін, чые родныя не падзяляюць яго веры, перажывае падобную сітуацыю. Сам Езус кажа нам: «Будуць падзеленыя: бацька супраць сына і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі і дачка супраць маці; свякроў супраць нявесткі і нявестка супраць свекрыві»(Лк 12, 53). Хрыстос вучыць нас, што мы павінны быць сведкамі, святлом свету і соллю зямлі. Нават у такой няпростай сітуацыі павінны паказваць сваім жыццём, словам і ўчынкамі, што такое сапраўднае хрысціянства. Я цвёрда перакананы, што сведчанне такой любові прынясе свой плён. Няхай Гасподзь адорвае вас трываласцю і мужнасцю. І нарэшце хачу вам прапанаваць малітву святой Монікі, якая на працягу 30 гадоў малілася за свайго сына — святога Аўгустына — і прасіла Бога аб яго навяртанні.

Малітва праз заступніцтва святой Монікі

Божа, Суцяшальнік засмучаных, тых, хто на выратаванне Тваё спадзяюцца! Ты слёзы блаславёнай маці і ўдавы Монікі міласэрна прыняў і даў ласку навяртання яе сыну. Малітвамі гэтай святой маці дай дзецям (бацькам, родным, сябрам, …) маім шчыры жаль за грахі і звярні іх на шлях выратавання, каб, аплакаўшы свае правіны, у міласэрнасці Тваёй прабачэнне атрымалі. Амэн.

Няхай Гасподзь умацуе вас у любові і веры.

grodnensis.by са спасылкай на propovidnyk.com.ua

для друку для друку