Як ксёндз-паляк дапамог зрабіць касцёл у Вільні цалкам беларускім

Такога тут не было з 1945 году.

Касцёл Святога Барталамея ў Вільні перадалі беларускай грамадзе яшчэ ў 1997 годзе. Але толькі з 13 сакавіка 2016 году тут пачалі адпраўляць Імшу выключна на беларускай мове. “Свабода” наведала чарговую Імшу, якую праводзіць беларускамоўны паляк айцец Арыюш Малыска.

Мы стаялі ля брамы, маліліся, каб нам далі гэты касцёл

vilnia_2

Касцёл у Зарэччы існуе з 1644 года. Апошні раз перабудоўваўся ў 1824 годзе

«Я сюды ўжо доўга не хадзіла, бо тут усё было мешана», — кажа Міраслава Русак, якая стала хадзіць у зарачанскі касцёл толькі з прыходам беларускамоўнага ксяндза.

Касцёл Святога Барталамея ў віленскім раёне Зарэчча (Ужупіс) лічыўся беларускім з 1997 году. Але яшчэ месяц таму беларуская мова тут мела толькі ўмоўны статус. Фактычна тут панавала польска-расійскае дзвюхмоўе. У нядзелю а 10-й гадзіне замест беларускай Імшы правілася служба на расейскай мове, а 12-й — па-польску. Часам па-беларуску чыталі «Ойча наш».

vilnia_3

83-гадовая спадарыня Русак хадзіла на беларускую Імшу пры ўсіх уладах. Па яе словах, у міжваенны час па-беларуску адпраўлялі Імшу ў касцёле Святога Мікалая, які належаў літоўскай грамадзе. У вайну беларускую Імшу правіў Адам Станкевіч, яе дзядзька, у касцёле Святога Міхала. Але з вяртаннем саветаў у 1945 годзе Станкевіча выслалі ў лагеры, і беларуская мова ў віленскім касцёле змоўкла на паўстагоддзя.

«У 1990-я мы стаялі тут ля брамы, маліліся, каб нам далі гэты касцёл», — узгадвае Міраслава Русак.

Тады ж у 90-м цяперашні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў у віленскім катэдральным саборы Імшу па-беларуску — згадваюць вернікі. Упершыню пасля Станкевіча.

vilnia_4

На нядзельную Імшу зараз прыходзіць каля 30 чалавек

З 1949 году ў будынку касцёла Святога Барталамея размяшчаліся майстэрні скульптараў. У 1997 годзе яго афіцыйна перадалі беларускай грамадзе. Але ўсе 19 год, што касцёл належыць беларусам, тут дамінавала польская мова.

«Столькі гадоў беларусы ня мелі свайго ксяндза ў Вільні, — кажа Русак. — Бацькі пускалі дзяцей на польскую Імшу. Ужо тры пакаленні не маліліся па-беларуску. І яны ўжо сталі палякамі і ходзяць у касцёл на польскую Імшу».

Ксёндз-паляк, якому беларуская мова па душы

Прызначаны новым пробашчам ксёндз — таксама паляк. За 10 год працы ў Беларусі ён дасканала вывучыў мову. Нават акцэнт ягоны не адразу можна заўважыць.

«Я не беларус, але беларуская мова — яна мне па душы», — кажа айцец Арыюш.

vilnia_5

З дзяцінства айцец Арыюш Малыска жыў у шматкультурным асяроддзі

Ён вырас на поўначы Польшчы ў шматкультурным асяроддзі людзей, якімі засялілі былую Ўсходнюю Прусію. З трэцяга класа ў школе вывучаў украінскую мову, потым спяваў ва ўкраінскім ансамблі.

«Навокал жылі ўкраінцы і лэмкі, мы часам хадзілі да іх на грэка-каталіцкія службы. Мы былі вельмі адкрытыя».

Айцец Арыюш служыў у Любліне, вучыўся ў Рыме, а потым паехаў пробашчам у вёску Замосце на Случчыне. Затым служыў у Маладзечне, дзе будаваў другі гарадскі касцёл, і ў Мінску.

«З беларусамі маю вельмі добры досвед, — кажа Малыска. — Нават з уладамі. Не мог ніколі скардзіцца на іх».

vilnia_6

Да сакавіка 2016 года айцец Арыюш служыў у Беларусі

У 2015 годзе да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад імя віленскіх беларусаў звярнуўся арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Цяпер ордэн капуцынаў, да якога належыць айцец Арыюш, узяўся за беларускую парафію. Пакуль дамова на душпастырства заключаная на адзін год.

«Я вельмі рады, што пакуль атрымоўваецца, — кажа Малыска. — Цяпер нас падтрымліваюць католікі з Маладзечна і Мінску».

Цяпер чалавек 30 прыходзіць, але праз паўгода будзе поўны касцёл

На першую ранішнюю Імшу ў мінулую нядзелю ў касцёл Святога Барталамея прыйшлі каля 30 чалавек. Потым яшчэ дзесяткі два. На польскамоўныя, кажуць, прыходзіла больш.

vilnia_7

Сястра-бэрнардынка праводзіць заняткі для дзяцей

«Польскай цяпер зусім няма, — кажа Міраслава Русак. — Тыя, што месяц таму прыходзілі сюды на польскую Імшу, многія з іх ужо на беларускую не ходзяць».

Падобная сітуацыя назіралася і ў Беларусі, дзе польская мова доўгі час лічылася мовай касцёла. Пры гэтым многія вернікі польскай мовы не ведалі, і для іх друкавалі малітоўнікі па-польску, але кірыліцай.

«Няма ўстойлівай беларускай традыцыі, — сказаў “Свабодзе” Валянцін Стэх, сам каталік і старшыня беларускага клубу “Сябрына“. — І хоць у хаце яны будуць размаўляць па-беларуску, але пойдуць у касцёл — і хочуць там пачуць польскую мову».

vilnia_8

Валянцін Стэх (на першым плане) падчас пятнічнай Імшы

Але тыя, што ўжо стала ходзяць на беларускую Імшу, упэўненыя, што з новым ксяндзом касцёл у Зарэччы стане важнай пляцоўкай для беларускай супольнасці.

«Зараз чалавек 30 прыходзіць, але праз паўгода будзе поўны касцёл», — кажа Віктар Ёзас, мясцовы беларус.

Ён і іншыя вернікі спадзяюцца, што менавіта праз айца Арыюша касцёл стане беларускім. І справа не толькі ў тым, што ён валодае беларускай мовай. Парафіяне кажуць пра выключнасць ягоных казанняў.

«Нам вельмі пашчасціла з такім ксяндзом, — кажа Ёзас. — У маім жыцці гэта трэці ксёндз, якога прыемна паслухаць. У яго казанні ад Бога».

Каб заахвочваць людзей, адкрыем youtube-канал па-беларуску

Толькі афіцыйна сёння ў Літве пражывае 42,5 тысячы беларусаў. Валянцін Стэх мяркуе, што гэтая лічба прынамсі ў два разы большая, бо многія беларусы-католікі лічаць сябе палякамі.

«Так павялося, калі беларус — католік, то ён «паляк», калі праваслаўны — ён «рускі», — кажа Стэх.

Прычына паланізацыі хаваецца ў тым ліку і ў доўгай адсутнасці беларускіх касцёлаў у Літве. Падобная сітуацыя яшчэ не так даўно была ў Беларусі, дзе Імша адпраўлялася часцей за ўсё па-польску. Пры гэтым многія «палякі» ня ўмелі нават чытаць па-польску, і малітоўнікі для іх друкавалі на польскай мове кірыліцай.

Акрамя Вільні беларускамоўнай Імшы ў Літве больш нідзе не праводзіцца. Толькі ў Свянцянах, што на літоўска-беларускім памежжы, ксёндз спрабуе весці службу па-беларуску.

vilnia_10

Арганістка Марыя Карповіч — беларуская студэнтка ў Вільні

Таму ў беларускай грамады Вільні вялікія чаканні ад новага касцёла. Валянцін Стэх лічыць, што для ягонай папулярызацыі варта было б праводзіць тут беларускія імпрэзы.

«Вельмі істотна мець пад дахам гэтага касцёла рэлігійна-культурны цэнтр, дзе б маглі не толькі маліцца, але і праводзіць мерапрыемствы, — кажа Стэх. — Захаванне касцёла за беларускай парафіяй надзвычай цяжкае для нас».

vilnia_11

Новых вернікаў тут плануюць знайсці і сярод студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Пакуль толькі некалькі наведваюць касцёл Святога Барталамея. Але неўзабаве айцец Арыюш мае правесці з імі сустрэчу.

«Збудаваць хрысціянскую супольнасць беларусаў, напэўна, будзе складана, — кажа ён. — Таму мы збіраемся адкрыць youtube-канал па-беларуску. Такім чынам будзем заахвочваць людзей».

для друку для друку