Як Касцёл ставіцца да працэдуры перавязкі матачных труб?

ginekologiya“У маёй сяброўкі і яе мужа трое дзетак, народжаных шляхам кесарава сячэння. На трэцім дзіцяці ёй зрабілі працэдуру, пасля якой яна не зможа зацяжараць. З медыцынскага пункту погляду можна толькі тры разы рабіць кесарава, хоць ёсць сведчанні і чатырох такіх аперацый у жанчыны. Гэтая сям’я хоча яшчэ дзяцей. Як Касцёл ставіцца да працэдуры перавязкі матачных труб, калі ў жанчыны ёсць 3-4 дзіцяці, народжаныя пры дапамозе кесарава сячэння, і калі гэта неабходна з медыцынскага пункту погляду? Бо гэта з’яўляецца кантрацэпцыяй на ўсё далейшае жыццё”.

Юлія

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Касцёл адмоўна ставіцца да перавязкі матачных труб. Пра гэта чытаем у энцыкліцы бл. Паўла VI Humanae vitae 14: «Як ужо шматразова Настаўніцкі інстытут Касцёла падкрэсліваў, трэба адкідваць непасрэднае пазбаўленне плоднасці ці то пастаяннае, ці то часовае як у мужчын, так і ў жанчын». У наш час сапраўды даволі часта можна сустрэцца з практыкай хірургічнай стэрылізацыі жанчын. Таму жанчына, ідучы на такі крок, павінна ведаць, якая ацэнка гэтай аперацыі з Божага пункту бачання. І тут можна назваць два кірункі.

Па-першае, калі жанчына пагаджаецца на стэрылізацыю для таго, каб ужо не мець дзяцей, то на яе сумленні цяжкі грэх. Таму нікому не можна змушаць да стэрылізацыі ці паддавацца ёй, хоць бы нават сітуацыя ў сям’і была з тых ці іншых прычын драматычная. Сама па сабе цяжарнасць не з’яўляецца хваробай, якую б трэба было лячыць стэрылізацыяй ці яшчэ горш – абортам. Цяжарнасць – гэта доказ здароўя і нармальных адносін у сужэнстве. Чаму нельга стэрылізавацца? Бо свядомае жыццё ў граху блакуе чалавека на дзеянне Божай ласкі. Хоць можна мець тысячы апраўданняў, каб пайсці на грэх, але тады чалавек выбірае нейкія часовыя выгоды, якія скончацца, а застанецца толькі непакой і разлад у сумленні.

Другое разуменне стэрылізацыі будзе ў выпадку, калі ў жаночым арганізме выкрыта хвароба, якую нельга лячыць інакш, як толькі шляхам выдалення тых органаў, што служаць для апладнення. У дадзеным выпадку мэта стэрылізацыі – лячэнне хваробы. А гэта інтэнцыя не з’яўляецца грахоўнай. Як бачым з вышэйсказанага, стэрылізацыя:

— не ёсць годным людской асобы і любові метадам рэгулявання плоднасці;
— скіравана на знішчэнне магчымасці жанчыны быць цяжарнай, г.зн. яна парушае інтэгральнасць людской асобы;
— з тэалагічнага пункту погляду – гэта бунт супраць Бога як Творцы;
— гэта цяжкі грэх;
— калі ёсць сапраўды грунтоўныя прычыны, каб не зацяжараць, то ў дадзеным выпадку сужэнцы пакліканы карыстацца натуральным метадам рэгулявання плоднасці, г.зн. уступаць у сужэнскую блізасць у няплодныя дні і ўстрымлівацца ад яе ў плодныя.

Якія вынікі стэрылізацыі ў жанчын?

— жаль, што на гэта пагадзілася;
— падсвядомы пошук спосабаў вяртання папярэднага стану (напр., жаданне ўсынавіць дзяцей і г.д.).

Што рабіць, калі ўжо такое здарылася? Касцёл кожнае сваё дзіця заахвочвае да шчырага навяртання праз практыку посту, малітвы, міласціны і плённага карыстання святымі сакрамантамі і духоўным кіраўніцтвам.

для друку для друку