Як дапамагчы сайту?

2Дарагія сябры, пэўны час таму наш сайт перажываў хакерскія атакі і быў часткова засмечаны вірусамі. Зрэдку такога кшталту праблемы паўтараюцца, але мы ў рэдакцыі робім усё неабходнае, каб наш рэсурс дзейнічаў і развіваўся. Мы пастаянна памятаем пра свой дэвіз: ““Каталіцкі Веснік” – Добрая Вестка ў тваім доме!” І горача жадаем, каб праўда пра Хрыста і Яго Касцёл распаўсюджвалася ў нашай краіне і ва ўсім свеце.

Шчыра дзякую ўсім нашым чытачам за тэлефанаванні, пасланні ў інтэрнэце, а таксама парады. “Як можна дапамагчы Весніку сёння?” – думаюць многія з вас. Канешне, перш-наперш малітвай і сведчаннем свайго хрысціянскага жыцця. Тыя, хто маюць талент да пісання і фатаграфавання, могуць дасылаць нам свае рэпартажы з месца падзей.

Добрым сродкам памагчы Весніку ёсць таксама магчымасць падпіскі. Падпішыце на газету сябе або сваіх блізкіх. Грошы ад рэалізацыі папяровай версіі Весніка ідуць наўпрост на нашу евангелізацыйную дзейнасць у СМІ. Дзякуючы гэтым ахвяраванням мы ўтрымліваем сайт catholicnews.by, развіваем відэанапрамак і выдаем саму газету.

У Весніка няма ніякіх іншых спонсараў акрамя нашых чытачоў. Мы на 100 працэнтаў беларуская газета! У бюджэце выдання няма ніводнага даляра ці еўра. Нам пішуць беларускія аўтары пра беларускія падзеі. Нас друкуе беларуская друкарня. Мы выходзім на беларускай паперы за беларускія рублі.

Таму шчыра дзякую ўсім, хто ўжо аформіў падпіску або збіраецца гэта зрабіць. Кошты на апошні квартал 2015 года наступныя. Выпісаць Веснік на 1 месяц каштуе 7500 руб., на 2 месяцы – 15000 руб., на 3 месяцы – 22500 руб. Падпісны індэкс — 63783.

Будзьма разам! Няхай Божая радасць і супакой Хрыстовы валадараць у вашым жыцці!

Кс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар “Каталіцкага Весніка”

для друку для друку