Як будзе выглядаць пахаванне “па-людску”?

30-20“Хвала Хрысту! Мне ўжо багата гадкоў. Ганаруся, што на схіле жыцця жыву ў райскім куточку, у Глыбокім – апірышчы беларускасці і талерантнасці. Учора быў сведкам пахавання на вясковых могілках, дзе труну паважанага глыбачаніна-праваслаўнага паклалі галавой да ног яго жонкі-каталічкі. А яны ж пражылі разам у згодзе амаль 50 гадоў! Перад тым як апусціць труну ў магілу, адбылася гарачая спрэчка пра традыцыі пахавання праваслаўных з усталяваннем крыжа ў нагах памерлага і недарэчнасці хаваць “валетам” мужа і жонку. Бацюшка настаяў на захаванні праваслаўнай традыцыі. А як будзе выглядаць пахаванне “па-людску” з улікам традыцый праваслаўнай і каталіцкай канфесій?” Генадзь Плавінскі.

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Паважаны спадар Генадзь! Вялікі дзякуй за Вашае пытанне і за сведчанне любові да Беларусі і да сваёй малой радзімы. Пытанне, якое ў Вас узнікла, закранае дзве тэмы: пабожныя традыцыі і суіснаванне розных хрысціянскіх канфесій. Традыцыя ставіць крыж на могіках “у галаве” або “у нагах” памерлага па сутнасці больш залежыць ад тэрыторыі, чым ад канфесійнай прыналежнасці. Гэту сітуацыю не рэгулююць прадпісанні Каталіцкай або Праваслаўнай цэркваў. Варта тут прыгадаць выпадак, які адбыўся ў 2012 годзе ў Ганцавіцкім раёне. Выявілася, што розныя вернікі праваслаўнай канфесіі маюць розныя погляды адносна месцазнаходжання крыжа на магіле. Для таго, каб спыніць спрэчкі, быў накіраваны ліст ва Упраўленне Мінскай епархіі. Адказ пад нумарам 1172 змяшчаў такі тэкст: «Та или иная практика установления креста при погребении зависит от местных традиций и нисколько не еретична. А традиция в разных местах может иметь различный вид. Чадам Православной церкви стоит придерживаться традиции, принятой в том регионе, в котором они проживают. А вообще существует несколько толкований символики установки креста. Так, крест, установленный в ногах, подразумевает, что в будущем воскресении человек, поднимаясь из могилы, смотрит на него и обращается к Своему Создателю. А крест, установленный в изголовье, знаменует хоругвь, которую понесет человек после воскресения как символ победы над сатаной».

Тое самае можна аднесці да сітуацыі каталіцкіх вернікаў. Самае істотнае пры развітанні з памерлымі – гэта наша малітва за іх з надзеяй на сустрэчу ў небе.

На жаль, Касцёл Хрыста падзелены. Наступствамі гэтага падзелу з’яўляецца тое, што суіснаванне розных хрысціянскіх канфесій часам азмрочваецца драматычнымі момантамі, калі нельга знайсці рашэнне, якое задаволіла б усіх. Аднак апісаная Вамі сітуацыя да такіх момантаў не належыць, паколькі, як ужо было сказана, месцазнаходжанне крыжа на магіле не з’яўляецца “прынцыповым” пытаннем.

Трэба больш часу прысвячаць малітве, як гэта было сёлета падчас Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян, каб прыйшоў час “адной аўчарні і аднаго Пастыра”.

для друку для друку