Як будаваць мір у сваім доме і ў свеце?

З 1968 г. Каталіцкі Касцёл вітае чарговы год 1 студзеня Сусветным днём міру, які быў устаноўлены Папам Паўлам VI.

Гэта была адна з многіх і разам з тым найбольш трывалых ініцыятыў гэтага Папы на карысць міру, прынятая ў вельмі цяжкі для Касцёла і ўсяго свету перыяд. І хоць фармальна гэта падзея выключна ўнутрыкаталіцкая, аднак яна карыстаецца вялікім інтарэсам і папулярнасцю таксама ў некаталіцкім і нават нерэлігійным асяроддзі.

Кожны год на гэты дзень Святы Айцец скіроўвае сваё пасланне, у якім просіць усіх людзей добрай волі аб будаванні міру ў сваіх асяроддзях, краінах і сэрцах.

У пошуку міру

“Мігранты і бежанцы: людзі ў пошуку міру” – назва сёлетняга папскага паслання, скіраванага да вернікаў на 51-ы Сусветны дзень міру.

“У духу міласэрнасці абдымем усіх, хто бяжыць ад вайны і голаду, хто вымушаны пакінуць свае землі па прычыне дыскрымінацыі, пераследаў, беднасці і дэградацыі навакольнага асяроддзя”, – заклікаў Папа Францішак у пасланні.

Святы Айцец нагадаў, што ў свеце налічваецца каля 250 млн. мігрантаў, з якіх 22 млн. з’яўляюцца бежанцамі. Каб знайсці мір, многія з іх гатовы рызыкаваць жыццём, часта здзяйсняючы доўгія і небяспечныя падарожжы, цярпець цяжкасці і пакуты, пераадольваць калючы дрот і муры, узведзеныя для таго, каб трымаць іх далей ад мэты.

Па словах Пантыфіка, недастаткова адкрыць сэрцы на чужыя пакуты: трэба будзе шмат зрабіць, каб нашы браты і сёстры маглі жыць у міры і бяспецы. “Дапамога іншаму патрабуе канкрэтных дзеянняў, ланцугу падтрымкі і добразычлівасці, пільнага і разумеючага клопату, адказнага кіравання новымі і складанымі сітуацыямі, якія часам дадаюцца да іншых, ужо існуючых шматлікіх праблем, а таксама да недахопу рэсурсаў, які павялічваецца”, – адзначыў Папа.

Стаць будаўніком міру

Сёння кожны можа, а нават і павінен, стаць будаўніком міру. Шмат людзей кожны дзень менавіта гэта робяць маленькімі ўчынкамі. Кожны чалавек мае абавязак стаць прыладай міру, найперш праз сваю штодзённую малітву за мір у свеце. Гэта важна асабліва ў нашы неспакойныя часы, калі ў свеце нярэдка здараюцца тэракты.

Будаванне міру ў свеце і ў сваёй сям’і пачынаецца з кожнага чалавека, у яго ўласным сэрцы. Дастаткова таго, каб чалавек пачаў кіравацца наступнымі правіламі:

  1. Прысвяці кожны дзень хвіліну на разважанне аб тым, як хочаш ставіцца да сябе і іншых.
  2. Памятай, што ўсе чалавечыя істоты маюць адны і тыя ж патрэбы.
  3. Правярай свае намеры, каб убачыць, ці зацікаўлены гэтак жа спаўненнем патрэб іншых, як сваіх уласных.
  4. Калі просіш кагосьці аб чымсьці, найперш правер, выражаеш просьбу ці ставіш заданне.
  5. Замест таго, каб казаць, чаго не хочаш каб хтосьці рабіў, кажы аб тым, што хочаш каб гэты чалавек рабіў.
  6. Замест таго, каб казаць, кім хочаш каб хтосьці быў, кажы аб тым, якія дзеянні ты хочаш каб гэты чалавек рабіў, маючы надзею, што гэта дапаможа яму быць такім.
  7. Замест таго, каб згаджацца або не згаджацца з чыімсьці меркаваннем, пастарайся зразумець тое, што гэты чалавек адчувае і чаго патрабуе.
  8. Замест таго, каб казаць “не”, кажы, якая прычына перашкаджае табе сказаць “так”.
  9. Калі адчуваеш сябе расхваляваным, падумай, якая твая патрэба не была заспакоена і што можаш зрабіць, каб яе заспакоіць, замест таго, каб думаць, што не так з іншымі ці з табой.
  10. Замест таго, каб хваліць кагосьці, хто зрабіў тое, што табе спадабалася, выкажы сваю ўдзячнасць, кажучы гэтаму чалавеку, насустрач якім тваім патрэбам выйшла яго дзейнасць.

Будзем будаўнікамі міру ў нашых сем’ях і асяроддзі, а тады і свет будзе больш мірным, а людзі ў ім – дабрэйшыя!

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку