Пра тое, як за некалькі хвілін адрозніць вар’ята ад святога, з а. Ярданам Слівінскім, заснавальнікам Школы спаведнікаў, размаўляе Марцін Якімовіч.
— Вы спакойна сядзіце ў канфесіянале, у касцеле на Ларэтаньскай у Кракаве, калі раптам жанчына пачынае шаптаць: «Ойча, я Вас ведаю. Мне Вас паказала сама Маці Божая». Якая Ваша першая рэакцыя?
— Стараюся слухаць. І пытаюся, што далей.
— Я часта езджу па касцёлах, супольнасцях і бачу, асцярожна кажучы, што дзівакоў там хапае.
— Адзначым такую заканамернасць: размаўляючы з людзьмі пра Бога, мы вельмі ахвотна пачынаем расказваць пра сябе. Жывем у такія часы, калі людзі невыслуханыя і вельмі хочуць, каб хтосьці хоць трохі паслухаў пра тое, што ім хочацца расказаць. Я такіх кожны дзень бачу ў канфесіянале. «Мяне ніхто не слухае», — кажуць пенітэнты. Бывае, што яны прыходзяць да споведзі, таму што хочуць, каб іх нарэшце хтосьці пачуў. Відавочна, споведзь існуе не для гэтага; але я гэтых людзей досыць добра разумею. Яны не хочуць пачуць кароткай рэплікі: «Гавары пра грахі».
— Айцец Міхаіл Сапоцька не давяраў. Ён адаслаў Сястру Фаўстыну да псіхіятра.
— І згодна з прынцыпам распазнання. Ён вельмі добра зрабіў. Такія справы трэба рабіць з вялікай далікатнасцю. Калі прыходзіць асоба з магчымым парушэннем псіхікі, то я не магу яе адправіць ні з чым, таму што яна адчуе сябе зняважанай, адкінутай. Прашу паверыць, звычайны чалавек «з вуліцы», чуючы: «Ідзі да псіхіятра!», не трапіць да ўрача, а адыдзе з пачуццём горычы. Таму яго трэба выслухаць. Як спаведнік, я размаўляю з такою асобаю 5-10 хвілін. Я яе не ведаю. Не суправаджаю на жыццёвым шляху, не назіраю за ёй штодня. У мяне няма часу на дэталёвае распазнанне і дыягназ; у рэшце рэшт, я ў канфесіянале сяджу не дзеля гэтага. Спаведнік — гэта не асоба, якая мае паўнамоцтвы да псіхалагічнай або псіхіятрычнай дапамогі, ці выдачы медыцынскіх дыягназаў.
Тут патрэбен спецыяліст, псіхатэрапеўт. Гэтыя рэальнасці не стаяць у апазіцыі паміж сабой. Яны выдатна дапаўняюць адна другую. Гэта дзейнічае ў абодва бакі: часта ўрачы, якія бачаць, што праблема чалавека тычыцца не толькі яго псіхікі, але ўплывае на яго духоўнае жыццё, раяць пацыентам споведзь.
— Вы адсылаеце да канкрэтных урачоў?
— Так. Да такіх, з якімі ўжо доўгія гады супрацоўнічаю.
— Ойча, ці вы калі-небудзь сустракалі ў канфесіянале святога чалавека? Айцец Бадэні распавядаў мне аб такім вопыце: спавядаў дзяўчыну, са слоў якой выходзіла духоўнае святло, ён быў перакананы ў яе святасці. Не было сумневаў.
— Няма што скрываць: пенітэнты часта нас навяртаюць. Яны маюць такое ўфармаванае і далікатнае сумленне, што пасля такой споведзі я дзякую Богу, што змог такога чалавека сустрэць. І праз некаторы час бачу, што Бог хацеў бы мяне, спаведніка, праз гэтага пэнітэнта шмат чаму навучыць.
— А Вы не зайздросціце а. Міхаілу Сапоцька?
— Я ўвогуле не зайздрошчу любому спаведніку складаных пенітэнтаў. Я б хацеў у канфесіянале быць такім заслуханым у Бога, якім быў а. Міхаіл. Для гэтага не абавязкова спавядаць містычак узроўню св. Фаустыны. Часам прыходзіць вельмі простая душа, якая распавядае аб сваім болю, цярпенні і шалёнай адзіноце, і трэба велізарнай веры і ўслухоўвання ў Святога Духа, каб ведаць, што ёй адказаць. Такіх людзей не адсылаю ні з чым, а пасля споведзі ім доўга спадарожнічае мая малітва.
grodnensis.by са спасылкай на gosc.pl
