- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Як адкінуць страх перад споведдзю?

rachel_weisz_2 [1]“Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, як адкінуць страх перад споведдзю?” Алег

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Цалкам натуральна, што чалавек баіцца паспавядацца. Мы не ідзём расказваць пра свае подзвігі, а зусім наадварот. Некаторыя ў гэтым страху заўважаюць дзеянне злога духа: спачатку злы дух спакушае чалавека, прывабліваючы яго да граху, а потым перашкаджае ў ім прызнацца.

Страх можа быць звязаны з асобай святара, якому мы плануем спавядацца. Варта памятаць, што мы спавядаемся Богу праз святара. Бог і так ведае нашыя грахі, і таму няма сэнсу іх утойваць.

Святары сутыкаюцца з вялікай колькасцю тых, хто прыступае да споведзі, і за часы сваёй паслугі пачулі многае і ад многіх. Таму няхай нікога не стрымлівае спакуса: а што пра мяне падумае ксёндз? Тым больш што святары не ідэальныя людзі і самі спавядаюцца.

Калі ў некага не атрымліваецца пераадолець бар’ер, каб паспавядацца ў нейкага канкрэтнага святара, то няхай пашукае іншага. Пенітэнт сам выбірае, у каго ён спавядаецца.

Аднак першая парада, якая прыходзіць на думку ў адказ на Вашае пытанне, – не адкладвайце споведзь і памятайце, што ў навяртанні няма лёгкіх дарог.