«Я зрабіў нячысты ўчынак»: як спавядацца з грахоў супраць 6-й запаведзі

Споведзь з грахоў супраць шостай запаведзі ўжо абрасла байкамі. І пэнітэнты скардзяцца на святароў, якія ў канфесіянале заўзята дапытваюцца ў іх пра інтымнае жыццё, і спаведнікі апавядаюць анекдоты пра тое, як пэнітэнты любым спосабам імкнуцца схаваць сексуальныя грахі пад нявіннымі цьмянымі фразамі. Гэта сведчыць пра тое, наколькі бывае цяжка для абодвух бакоў сустрэцца на споведзі, калі трэба вызнаць грахі ў інтымнай сферы.

Абавязковыя ўмовы

Першая ўмова, здаецца, відавочная: тая, што і спаведнік, і пэнітэнт павінны сур’ёзна ставіцца да сакрамэнту паяднання. Прыступаючы да яго, яны разам звяртаюцца да міласэрнасці Божай, якая прабачае чалавечыя грахі, і шукаюць шляхоў, на якіх чалавек, падтрыманы Божай ласкай, спрабуе перамагчы свае слабасці. Не мае сэнсу далей чытаць артыкул таму, хто спавядаецца час ад часу і найбольш цешыцца, трапіўшы да глухога ксяндза, які спавядае ўсіх «па канвееры». Той, хто шукае як мага карацейшага спосабу паспавядацца і такіх словаў, каб сказаць як мага менш, няхай перагорне гэтыя старонкі.

Другая ўмова патрабуе ўзгадаць парадак дзесяці запаведзяў. Выслухоўваючы споведзі, я часам сустракаю людзей, якія, вызнаўшы грахі супраць шостай запаведзі, пасля замаўкаюць. Аднак пасля кароткай размовы аказваецца, што яны шмат награшылі і ў іншых сферах свайго жыцця, але сексуальныя грахі так моцна пануюць у іх душы, што засланяюць сабою ўсе іншыя. І тады для чалавека не маюць вялікага значэння скандалы, якія ён чыніць дома, лянота, якая змушае яго занядбоўваць абавязкі, хлуслівасць, якая стала для яго звычайным спосабам стасункаў з людзьмі.

Я асабіста лічу, што грахі, якія датычаць сексуальнай сферы, невыпадкова знаходзяцца на шостым месцы, а не на першым. А перад Дэкалогам стаіць запаведзь любові да Бога і бліжняга, і таму адносіны з Богам, жаданне прыступаць да сакрамэнтаў, сілкаванне словам Божым, асабістая малітва і будаванне прыгожых адносінаў з бліжнімі павінны займаць нас больш, чым схільнасць да той ці іншай цялеснай асалоды.

Да таго ж, нялішне будзе згадаць, што чалавечая сексуальнасць — не грэх і не д’ябальская пастка, а Божы дар. Паколькі чалавек быў створаны ў асобах мужчыны і жанчыны, у іх целах відавочныя полавыя адрозненні, іх гарманальная актыўнасць патрабуе заспакаення, а размовы на інтымныя тэмы не з’яўляюцца прывілеем сексолагаў з глянцавых часопісаў. Што праўда, некаторыя людзі ставяцца да гэтай сферы жыцця як да парку атракцыёнаў, дзе можна хутка і танна павесяліцца, перажыць моцныя пачуцці і парывы. Аднак гэта не значыць, што інтымныя перажыванні належаць ім адным. Глыбокая вера не супярэчыць добраму сексуальнаму жыццю.

Трэцяя мая заўвага датычыць сарамлівасці і няёмкасці, з якімі звычайна звязанае вызнанне грахоў у інтымнай сферы. Для большасці людзей гаварыць пра такія асабістыя рэчы вельмі няёмка. Сорам у гэтым выпадку — цалкам нармальная і зразумелая з’ява. «Дзіўна было б, калі б вы не саромеліся», — кажу я часам падчас споведзі і запэўніваю сваіх пэнітэнтаў, што Пан Бог атачыў пачуццём сораму такую далікатную і прыгожую сферу жыцця, бо яе вельмі лёгка параніць і трэба абараняць ад цікаўных вачэй і вушэй. Эксгібіцыянізм здаецца мне ненармальным, незалежна ад таго, ці чалавек з’яўляецца галышом перад аслупянелымі мінакамі, ці пахваляецца ў інтэрв’ю, з кім і ў якіх позах меў інтымны кантакт. Споведзь адрозніваецца ад гэтага тым, што назваць грэх — гэта крок на шляху да паяднання з Богам, неабходны для таго, каб ачысціцца і перамагчы грэх. Зло павінна быць названае, калі за яго трэба адпакутаваць, калі яно патрабуе прабачэння.

Нячыстыя думкі

Бог стварыў людзей разнаполымі і даверыў чалавеку гэты скарб, якім трэба ўмела карыстацца, і з гэтага вынікае, што не кожная праява сексуальнасці — гэта грэх. Натуральна, калі ў чалавека з’яўляюцца эратычныя думкі, сексуальныя жаданні. Калі мужчыну падабаецца жанчына, калі яе прыгажосць прыцягвае яго позірк, калі нават ён разумее, што не адмовіўся б ад сексуальнага кантакту з ёю, гэта яшчэ не грэх. Калі жанчыне прысніцца аголены мужчына або ёй вельмі захочацца абдымкаў з нейкім прыгажуном, гэта не значыць, што яна зграшыла супраць чыстасці. Усё гэта сведчыць толькі пра тое, што яны нармальныя людзі. Голад яшчэ не значыць, што нехта грашыць абжорствам, а тое, што я хачу надаваць па шчоках таму, хто мяне раззлаваў, не сведчыць, што я яго ненавіджу. Калі мне падабаецца машына калегі і мне таксама хацелася б мець такую, гэта не азначае, што я хцівы чалавек і злодзей.

Калі ж трэба спавядацца ў эратычных думках, калі яны становяцца нячыстымі? У двух выпадках: калі эратычныя фантазіі нехта правакуе свядома, каб выклікаць узбуджэнне (напрыклад, праглядаючы парнаграфію або дабравольна пачынаючы фантазіраваць); або тады, калі чалавек свядома і дабравольна прагне зрабіць грэшны ўчынак, але тыя ці іншыя абставіны яму перашкаджаюць. Калі спадар А хоча пераспаць са спадарыняй Б і абавязкова б гэтага дабіўся, але яна рашуча адхіляе ўсе яго прапановы і заляцанні, тады, хоць да інтыму справа і не дайшла, спадар А ў сэрцы ўжо зграшыў са спадарыняй Б, бо вырашыў гэта зрабіць, і толькі нежаданне спадарыні Б перашкодзіла яго намерам.

Як спавядацца

Грахі ў сексуальнай сферы трэба вызнаваць гэтак жа, як і астатнія: канкрэтна, коратка і цалкам. Добра, калі на пачатку споведзі вы коратка раскажаце пра сябе, каб спаведнік ведаў: вы нежанаты або перажылі развод, вы замужам або не, жывеце ў адзіноце або ў манастве.

Ужо робячы рахунак сумлення, варта падумаць пра тое, як акрэсліць здзейснены грэх, каб спаведнік змог зразумець, пра што ідзе гаворка. Не трэба разлічваць на тое, што ў канфесіянале атрымаецца дакладна растлумачыць зробленае, калі раней гэта не ўдалося. Гэта бессэнсоўна, і вы будзеце вымушаныя шукаць патрэбныя словы падчас споведзі.

Пра што можна пытацца

Часам, калі людзі вызнаюць грахі ў інтымнай сферы, пытанні спаведніка на гэтую тэму выклікаюць у іх супраціў. Неаднойчы я сустракаўся з перакананнем, што ксяндзоў больш нічога, апроч сексу, не цікавіць. Аднак рэчаіснасць нашмат больш складаная.

Святар, які слухае перадшлюбную споведзь чалавека, які да гэтага гадоў дзесяць не кленчыў пры канфесіянале і вельмі рэдка бываў на святой Імшы, мае права здзівіцца, калі пэнітэнт не вызнае ніводнага граху супраць шостай запаведзі. Зразумела, што ў тэорыі гэта магчыма, але на практыцы часцей бывае, што чалавек у хваляванні забыўся пра грахі ў інтымнай сферы, саромеецца пра іх казаць або яго сумленне не прызнае секс да шлюбу цяжкім грахом.

Часам, калі чалавек вызнае іншыя грахі, спаведнік чуе нейкую інфармацыю, якая падказвае яму, што пэнітэнт — не цнатлівец, які не мае сексуальнай актыўнасці. Напрыклад, той узгадвае, што здрадзіў сваёй дзяўчыне, або яго нявеста носіць дзіця. Тады спаведнік, клапоцячыся пра поўнае вызнанне грахоў і сапраўднасць споведзі, можа далікатна задаць пытанне. Аднак было б добра, калі б спаведнік пры гэтым скарыстаўся правілам «шостая запаведзь — гэта не першая», і не пачынаў размову з пытанняў пра інтымнае жыццё, а спачатку пагутарыў пра тыя некалькі (або некалькі дзясяткаў) гадоў без споведзі.

Іншая сітуацыя, калі ў спаведніка могуць узнікнуць пытанні з прычыны няяснага апісання таго, што здарылася. Спаведнік мае права пытацца не столькі пра падрабязнасці інтымнага граху, колькі пра яго сутнасць. Задача спаведніка: зразумець, адбыўся лёгкі ці цяжкі грэх, ці мае ён права адпусціць гэтую віну або не можа гэтага зрабіць.

Пад словамі «нячыстыя пагляды» можа хавацца як мімалётнае захапленне жаночай або мужчынскай прыгажосцю, так і звыклы прагляд парнаграфіі. Словамі «інтымны кантакт» можна акрэсліць і абдымкі з каханкам, і шматразовую сужэнскую здраду. Кажучы «сужэнскае жыццё, неадпаведнае навучанню Касцёла», можна мець на ўвазе перарваны сужэнскі акт або карыстанне матачнай спіраллю. У кожным з гэтых выпадкаў будзе іншая размова, іншае навучанне, іншая пакута за грахі. Спаведнік удзеліць адпушчэнне або скажа, што спачатку пэнітэнту трэба выканаць для гэтага пэўныя ўмовы.

Аднойчы я сутыкнуўся з такой сітуацыяй: жанчына ніяк не хацела гаварыць нічога, апроч таго, што «мела нячысты грэх». Я не дапытаўся ад яе, што гэта быў за грэх, адбыўся ён аднойчы ці ўвайшоў у звычку. Яна не хацела адказваць нават, як ставіцца да таго, каб пазбавіцца ад гэтага граху. Пэнітэнтка на ўсё казала, што гэта прыватная справа, і не жадала хаця б крыху раскрыць таямніцу. Я апынуўся ў вельмі няпростай сітуацыі і, нічога не даведаўшыся і не ведаючы, што рабіць, проста не змог адпусціць ёй грахі.

Пры гэтым абсалютна недапушчальна, каб святар дапытваўся пра дэталі грэшнага ўчынку. Пэнітэнт, у якога запыталіся пра спосаб мастурбацыі, пазіцыі інтымнага акту, пачуцці падчас таго ці іншага сексуальнага дзеяння, узровень атрыманага задавальнення, мае права не адказваць на гэтыя пытанні, бо гэта не ўваходзіць у сутнасць споведзі, не ўплывае на цяжар здзейсненага граху. Калі вам трапіцца спаведнік, зацыклены на інтымных грахах, які нахабна дапытваецца пра падобныя дэталі, можна адмовіцца размаўляць на гэтую тэму і нават спыніць споведзь, каб пашукаць больш далікатнага святара.

Падчас споведзі ўзнікаюць пытанні, якія выклікаюць сорам не толькі ў пэнітэнта. Бывае, што і сам ён хоча пра нешта спытацца, напрыклад, наконт распазнання граху: ці нейкі від сексуальнай актыўнасці з’яўляецца грэшным, ці пэўную правіну трэба лічыць цяжкай, дзе ляжыць мяжа паміж дазволеным і грэшным. Гэта зразумела, і ў такім выпадку спаведнік павінен як мага прасцей адказаць на пытанні. Але бывае вельмі няёмка, калі спаведніка змушаюць выслухоўваць аповед пра нечае інтымнае жыццё ва ўсіх падрабязнасцях. Часцей за ўсё такія вызнанні робяць людзі, якія мучаюцца згрызотамі і хочуць упэўніцца, што нічога не забыліся, не абмінулі, вызналі ўсе грахі. Вельмі цяжка бывае таксама спавядаць людзей, якія атрымліваюць незразумелую асалоду, падрабязна распавядаючы пра тое, што адбываецца ў іх ложку. Тады спаведнік мае права перарваць такую прамову і заклікаць пэнітэнта да парадку.

Блізкасць з Богам

Усё часцей здараецца, што споведзь патрабуе не столькі размовы пра пытанні маралі, каб вызначыць, дзе дабро, а дзе зло, колькі высвятлення дагматычных пытанняў: ці пэнітэнт з’яўляецца хрысціянінам, ці акрамя веры ў Бога і эмацыйнага перажывання малітвы і сакрамэнтаў ён свядома будуе адносіны з Езусам Хрыстом, ці адкрывае дабравольна сваё сэрца на дзеянне Духа Святога.

Кожнаму, хто рыхтуецца спавядацца ў грахах супраць шостай запаведзі, я раю дбаць пра сваю веру, каб яна была жывая, заўсёды ўзрастала, імкнулася да блізкасці з Богам. Прагненне з’яднацца з Езусам, ісці Яго шляхамі, будзе дасканалым падмуркам для таго, каб знайсці спосаб вызнаць інтымныя грахі, якія аддзяляюць грэшніка ад міласэрнага Бога.

ave-maria.by

для друку для друку