“Я — яго вочы, а ён – мае ногі…”

Супрацоўнікі і валанцёры Віцебскага “Карытас” наведалі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у Варонах, што пад Віцебскам.

Сустрэча адбылася з нагоды блізкіх калядных святаў. Кс. Андрэй Аніскевіч, дырэктар Віцебскага “Карытас” зазначыў: “Мы сістэматычна наведваем мясцовых пастаяльцаў. Сёння ідзём павіншаваць католікаў са Святам Божага Нараджэння.” Вернікаў каталіцкага веравызнання ў доме-інтэрнаце не шмат. Сярод іх Ядвіга Чарняўская і Раман Лінкевіч. Ядвіга родам з в. Гута Пастаўскага раёна, а Раман з Празарокаў Глыбоцкага. Раман і Ядвіга сябруюць ужо больш за 21 год. Разам іх звяла не толькі бяда (Раман цалкам страціў зрок з-за няшчаснага выпадку, а Ядвіга не можа хадзіць), але і любячыя сэрцы. Жанчына распавядае. “Мы не можам адзін без другога. Я – яго вочы, а ён  — мае ногі. Разам адпачываем, як пацяплее – на вуліцу выходзім. І молімся разам, мы ж католікі.”

Пакойчык, дзе адбываецца сустрэча, увесь у абразах. На руцэ ў Ядвігі – пярсцёнак з ружанцам. “Так, сапраўды, жыццёвыя выпрабаванні не адкінулі іх ад Бога, а наадварот з Ім з’ядналі,” — праносяцца ў мяне думкі. Кс. Андрэй просіць нас пакінуць на хвілінку памяшканне. Ён спавядае Рамана і Ядвігу, а потым удзяляе Св. Камунію. Пасля малітвы адбываецца дзяленне аплаткам, гучаць калядныя віншаванні і дорацца падарункі. Як жа без іх? Валанцёры дастаюць адзенне і салодкія прэзенты.

Калядныя Святы падказваюць нам важную рэч. Мы не можам вярнуць чалавеку страчаны зрок ці слых, не можам яму даць здаровыя ногі. Але любячае сэрца, якім дзелімся з бліжнім, можа зрабіць яго шчаслівым і духоўна здаровым.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

для друку для друку