Я міласэрны?

Каб рабіць справы міласэрнасці, нам патрэбны Дух Святы, які будзе весці, інакш мы можам зблытаць міласэрнасць з адсутнасцю рэагавання на злосць.

Паспрабуем узгадаць сітуацыю, калі мы былі міласэрнымі. Прыходзяць у галаву розныя добрыя справы, якія добры Бог дазволіў мне зрабіць. Але на самой справе яны былі справамі міласэрнасці? Можа, я, хутчэй, выканаў свой доўг? І замест таго, каб гаварыць аб міласэрнасці, якое нібыта я зрабіў, лепш успомніць рэкамендацыю Езуса: «кажыце: «мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць»»(Лк 17, 10). Калі я пайшоў на сустрэчу, хоць і не павінен быў, студэнту, які прыйшоў у дэканат з праблемай, якая паўстала з-за яго халатнасці, то я быў міласэрным? Ну, не перабольшваем! Розныя ласкі, якія мы робім адзін аднаму, гэта не заўсёды міласэрнасць. Трэба быць асцярожным, каб, распавядаючы пра сваю міласэрнасць, не патрапіць у няёмкую сітуацыю. Мы лічым, што былі міласэрнымі, тады як проста паводзілі сябе прыстойна.

А можа, мы перабольшваем з той міласэрнасцю? Катэхізіс вельмі проста вучыць нас пра справы міласэрнасці адносна цела і душы. Гэта: спрагненых напаіць, наведаць хворых, настаўляць грэшнікаў, засмучаных суцяшаць, маліцца за жывых і памерлых… Толькі калі я памалюся за нейкага памерлага, то зусім не маю ўражанне, быццам выказаў міласэрнасці. Я проста зрабіў тое, што павінен рабіць. Магчыма, гэтыя дылемы паказваюць, што міласэрны — толькі Бог, і ўсё, што можна было б назваць справамі міласэрнасці ў нашым жыцці, з’яўляецца адлюстраваннем, дарам Яго міласэрнасці. Слава належыць міласэрнаму Богу, а не нам. Каб па-сапраўднаму рабіць справы міласэрнасці, трэба распазнанне, менавіта вядзенне Духам Святым. Інакш мы можам пераблытаць міласэрнасць з нерэагаваннем на злосць або дэманстрацыяй добрай усмешкі пры дрэннай гульні.

Міласэрнасць часам азначае матчыну адчувальнасць, а другі раз — патрабуе рашучасці і строгасці. Ян Хрысціцель, які крычаў: «Племя змяінае… Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь»(Лк 3, 7-9), быў неміласэрным? Не! Як гэта ні парадаксальна, ён прапаведаваў тады міласэрнасць. Таму што міласэрнасць часам патрабуе жорсткіх слоў, якія заклікаюць да пакаяння. Таму не прыдумляйце міласэрнасць мерай нашага разумення, але прасіце Святога Духа, каб мы разумелі, што азначае: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).

Кс. Дарыюш Кавальчук, gosc.pl
Пераклад catholicnews.by

для друку для друку