“Я быў малы, а Імшал цяжкі…”: Папа адказвае на лісты дзяцей

Папа Францішак здольны захапіць знянацку, здзівіць, стаць малым для малых. Вось ён вырашыў адказаць на ліст, які паступіў у Ватыкан з Ламбардыі.

Адна маленькая дзяўчынка з ваколіц Крэмона напісала: «Дарагі Святы Айцец, я б хацела зноў мець поўную сямʼю». З прастатой і рашучасцю, характэрнымі для свайго ўзросту, дзяўчынка ўзяла ручку і паперу і, нікому нічога не кажучы, напісала Пантыфіку маленькі ліст. Яна адкрыла Францішку сваё сэрца, поўнае болю пасля сепарацыі бацькоў.

«Я б хацела зноў мець поўную сямʼю, – напісала яна, – але, на жаль, я жыву толькі з мамай і маімі любімымі дзядулем з бабуляй».

За некалькі дзён з Ватыкана прыйшоў адказ за подпісам члена дзяржсакратарыята Ватыкана кс. Паола Борджа. Некалькі радкоў цалкам афіцыйнага тона, якія, аднак, выклікалі вялікі перапалох і эмоцыі.

«Папа Францішак, – было напісана ў лісце, – з радасцю прыняў твой мілы ліст, які зʼяўляецца выразам тваёй любові і адданасці да яго. Святы Айцец дзякуе цябе за гэты ліст і ад усяго сэрца бласлаўляе цябе і тваю сямʼю».

А ў мамы вырастуць крылы?

На стол Папы Францішка штодня трапляюць тысячы лістоў ад дзяцей. Некаторыя з іх а. Антоніа Спадара сабраў у кнігу «L’amore prima del mondo. Papa Francesco scrive ai bambini» («Любоў важней за свет. Папа Францішак піша да дзяцей»).

«Мая мама ў раі, вырастуць у яе анёльскія крылы?» – пытаецца сямігадовы Лука з Аўстраліі, а Папа адказвае: «Не, ня вырастуць, але яна будзе прыгожая, ззяючая і поўная святла».

А ты калісьці быў міністрантам?

Дзевяцігадовы Алесіа Джулін з Катаніі намаляваў хлопчыка ў абранні міністранта і напісаў: «Дарагі Папа Францішак, ты калісьці дапамагаў святару як міністрант?» Святы Айцец адказаў: «Дарагі Алесіа, так, я быў міністрантам. А ты? Хлопчык на малюнку – гэта ты?»

Далей Папа падкрэслівае, што ў тыя часы, калі ён быў дзіцем, міністрант меў значна цяжэйшыя заданні, чым цяпер: «Але, бачыш, сёння значна лягчэй. Ты павінен ведаць, што калі я быў дзіцем, святую Імшу служылі інакш, чым цяпер. Па-першае, святар стаяў тварам да алтара, змешчанага пад сцяной, а не тварам да людзей. Акрамя таго, Імшал, гэта значыць кніга, якая служыць для цэлебрацыі Імшы, ляжала на алтары справа. Але перад чытаннем Евангелля трэба было пераставіць яе налева. Маім заданнем было перасунуць Імшал справа налева, а затым злева направа. Гэта было нялёгка. Імшал быў вельмі цяжкі. Я яго падымаў, укладаючы ў гэта ўсю энергію, але не быў дастаткова моцны, і звычайна ён выпадаў у мяне з рук. У рэшце рэшт, святар павінен быў мне ў гэтым дапамагаць. Гэта быў сапраўдны выклік!»

А ты прыедзеш паспрабаваць маю піцу?

Гісторыя Матэа Рыбальдзі хутка разляцелася ў інтэрнэце. Васьмігадовы хлопчык з Фоджа, вучань трэцяга класа пачатковай школы імя Віттарына ды Фельтрэ, запрасіў Папу да свайго горада. Святы Айцец, па запрашэнні, мог бы агледзець славутасці Фоджа, а заадно – «паспрабаваць смачную піцу, якую я прыгатую», заахвоціў Матэа.

«Слухай, дарагі Папа, – дадаў ён пад канец, – я шчыра адданы фанат «Ромы». А ты прыхільнік якой каманды?» На адказ з Апостальскай Сталіцы доўга чакаць не прыйшлося. Матэа атрымаў канверт з лістом з Ватыкана, у якім Святы Айцец перадае яму сардэчныя абдымкі і перасылае бласлаўленне для хлопца і яго сямʼі. Таксама Папа задаволіў цікаўнасць малога фаната, адзначаючы, што заўзее за аргентынскі клуб «Сан Ларэнца».

Распавяду табе пра маё пакліканне

Адзінаццацігадовы Паола з Удына напісаў Пантыфіку аб сваім пакліканні. Хлопец паведаміў Святому Айцу, што мае намер калі-небудзь стаць святаром і просіць памятаць яго ў малітве.

Праз некалькі тыдняў у паштовай скрынцы Паола чакала неспадзяванка – адрасаваны яму канверт з Ватыканскім штэмпелем, а ўнутры ліст, напісаны ад імя Папы Францішка, за подпісам арцыбіскупа Пітэра Уэлса.

Там чытаем: «Ты расказаў Папе Францішку, што выконваеш служэнне міністранта ў сваім прыходзе і хочаш распазнаць пакліканне. Просіш, каб ён падтрымліваў цябе сваёй малітвай. Яго Святасць дзякуе табе за любоў, якая натхніла цябе на гэты сыноўні жэст, і запэўнівае, што будзе маліцца, каб дзякуючы службе алтара саспела тваё шчырае і поўнае любові сяброўства з Панам Езусам і дапамагла табе зразумець, які Яго план у адносінах да цябе. Святы Айцец ад усяго сэрца бласлаўляе цябе і тваю сямʼю, ахопліваючы бласлаўленнем таксама ўсіх, хто табе блізкі».

Я б хацеў, каб ты быў маім сведкам на канфірмацыі

Шасцігадовы Рыкарда з Манрэалі (недалёка Палерма) звярнуўся да Святога Айца з просьбай, якую даўно ўжо носіць у сэрцы: мог бы сам Францішак стаць яго сведкам на канфірмацыі? Ніхто з сямʼі не верыў у адказ, але аднойчы ў скрыні апынулася нечаканасць з Ватыкана.

Ліст расчуліў таксама бацькоў, перш за ўсё таму, што Папа ў ім просіць хлопчыка маліцца за яго і дзякуе «за гэты выраз сыноўніх пачуццяў». Далей ён просіць Маці Божую аб заступніцтве і апеку над хлопчыкам у яго жыццёвым шляху і ад усяго сэрца бласлаўляе самога Рыкарда і яго сямʼю.

Па матэрыялах Credo са спасылкай на Aleteia

для друку для друку