Выстава графікі і жывапісу да 20-годдзя Віцебскай дыяцэзіі

19 снежня 2019 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы адкрылася выстава графікі і дэкаратыўнага жывапісу «Крыжовы шлях-3» мастака Руслана Берліна. Гэта – адзін з этапаў аўтарскага праекта, прысвечанага 20-годдзю Віцебскай дыяцэзіі, а здзейсніўся ён з удзелам настаўнікаў мастака, выкладчыкаў Віцебскага тэхналагічнага каледжа Наталлі і Аляксандра Аніськовічаў.

У цэнтры ўвагі Руслана Берліна і яго педагогаў — выявы храмаў розных веравызнанняў і канфесій, што, безумоўна, у гэтыя святочныя дні цудоўна ўпісваюцца ў атмасферу Божага Нараджэння, тым больш — у музычным аздабленні такога выдатнага спеўнага калектыву, як дыяцэзіяльны хор «Hosanna» і выканаўцаў дзіцячай музычнай школы імя А. Багатырова.

Значнасці падзеі надалі прысутнасць і прыязнае слова падтрымкі на адрас мастакоў ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча і канцлера дыяцэзіяльнай курыі кс. Віктара Місевіча, а таксама віншаванні прадстаўнікоў творчых суполак горада і проста аматараў жывапісу.

Руслан Берлін шмат падарожнічае ў пошуку сюжэтаў для сваіх твораў, цікавіцца помнікамі культуры і дойлідства, што робіць цікавым і яго жыццё, і – праз дакрананне да яго твораў – жыццё іншых людзей, што і засведчыла імпрэза і ўсе тыя, хто ўзяў у ёй удзел.

Выстава працягнецца ў Віцебскай абласной бібліятэцы да 12 студзеня.

Францішак Дубраўскі, ave-maria.by
Таццяна Лузан, фота

для друку для друку