Выйшаў 100-ы нумар «Каталіцкага Весніка»

Аж не верыцца, што прайшло ўжо больш за восем гадоў ад выхаду нашага першага нумару.

Коратка ўзгадаем, як усё пачыналася. Ідэя выдаваць газету ў Віцебскай дыяцэзіі ўзнікла ў ксяндза Віктара Місевіча. Я ў сваю чаргу часта задумваўся, чаму ў Віцебскай дыяцэзіі, якая ў 2009 годзе адзначыла сваё дзесяцігоддзе, няма свайго друкаванага выдання. І калі напачатку 2011 года ксёндз Віктар звярнуўся да мяне з прапановай працы ў новай газеце, я з радасцю пагадзіўся.

Але напачатку трэба было ўсю гэтую ідэю аформіць юрыдычна. Дзякуючы Валянціне Адамцовай, юрыдычнай супрацоўніцы курыі, цягам аднаго сакавіцкага дня ўсе неабходныя дакументы былі зробленыя і накіраваныя ў Міністэрства інфармацыі.

Трэба падзякаваць і супрацоўнікам гэтага міністэрства, якія замест месяца, неабходнага па закону для гэтай працэдуры, разгледзелі нашу прапанову цягам двух тыдняў, і першы нумар “Каталіцкага Весніка” паспеў выйсці да велікодных святаў. 5 красавіка 2011 года наша газета атрымала дзяржаўнае пасведчанне аб рэгістрацыі, а першы нумар быў падпісаны ў друк 14 красавіка.

Хочацца выказаць падзяку і Цімуру Берніковічу, тады навучэнцу глыбоцкай гімназіі, які стварыў лагатып газеты. Зараз Цімур ужо паспеў закончыць універсітэт і стаць вядомым айцішнікам, а вынікам яго працы, створанай яшчэ школьнікам, мы карыстаемся да гэтага часу.

У снежні 2012 года быў створаны сайт нашай газеты Catholicnews.by, за якім будучыня нашага выдання. Папяровыя газеты, хочам мы таго ці не, паступова сыходзяць у гісторыю, а выданні масава пераходзяць у Інтэрнэт. Мы ж пакуль не збіраемся закрываць папяровую версію і спадзяёмся праз паўтара года адзначыць дзесяцігоддзе “Каталіцкага Весніка”.

Хачу падзякаваць і сваім калегам, з кім даводзіцца разам працаваць і для папяровай, і для электроннай версіі. Гэта Леанід Юрык, наш мастацкі рэдактар, фатограф і аператар, Марына Сінкевіч, рэдактар сайта і класны фатограф, Юрась Бабіч і Алена Пажога, нашы карэктары, Вікторыя Колзун, якая рыхтуе для вас тэсты, каляндар, дзіцячую старонку, якую яна робіць разам з мастачкай Вольгай Будкінай, Марына Ткач, якая працуе на сайце і рыхтуе артыкулы па псіхалогіі і шмат іншых людзей, якія нам дапамагаюць.

Асаблівую падзяку выказваю нашаму галоўнаму рэдактару ксяндзу Віктару Місевічу, які добра арганізаваў нашу працу, заўсёды нас падтрымлівае, а таксама пробашчу парафіі ў Глыбокім ксяндзу Мікалаю Ціхановічу за новае памяшканне рэдакцыі, у якую мы пераехалі два месяцы таму.

Шчыра дзякуем біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу за тое, што заўсёды пра нас памятае і падтрымлівае ў нашай працы.

А напрыканцы дзякуем усім вам, нашыя чытачы, для якіх мы працуем і дзякуючы ахвяраванням якіх магчымы выхад нашай газеты.

Таму выхад сотага нумара – гэта ў першую чаргу ваша свята, з якім вас і віншуем! Будзем і надалей заставацца разам! З Богам!

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку