«У нас было 15 святароў і 15 цудаў!» — вось так каментуе айцец Зіад Хадад падзеі ў кляштары айцоў місіянераў у Бейруце падчас выбуху ў порце ў аўторак, 4 жніўня 2020 года. Паводле яго слоў, манахі цудам не загінулі.
Манастыр знаходзіцца каля кіламетра ад месца выбуху. Выбуховая хваля знішчыла вокны ў доме і параніла трох манахаў, але не смяротна. Святар, які адпраўляў Імшу, транслюючы яе ў Фэйсбуку, падчас выбуху атрымаў лёгкае раненне, нягледзячы на тое, што яго выбуховай хваляй кінула на шэсць метраў ад алтара.
OMG. Due to covid19, they televised this mass so that believers could join in from home. Then the #Beirut explosion took place. Horrible.@akhbar pic.twitter.com/lEqZ95mUHP
— Jenan Moussa (@jenanmoussa) August 4, 2020
Тым часам у суседнім кляштары сясцёр шарытак адна манахіня загінула, а сотні навакольных дамоў былі знішчаны.
Нагадаем, у аўторак, 4 жніўня 2020 года. У Бейруце адбыліся два магутныя выбухі. Больш за 100 чалавек загінулі, каля 4000 атрымалі раненні. Амаль увесь горад быў разбураны; па прыблізных падліках, каля 300 000 чалавек засталіся бяздомнымі. Каталіцкія касцелы, манастыры і школы ў Бейруце прымаюць ахвяраў выбуху.
Улады абвясцілі трохдзённую жалобу. Ліванскія хрысціянскія лідэры звярнуліся да вернікаў па ўсім свеце за малітвай. Сусветныя лідэры і Папа Францішак выказалі спачуванне ліванскаму народу.
Па матэрыялах credo.pro
