«Вясёлы дзень для нас настаў!» Вялікдзень у Гродне

Уік-энд 4 — 5 красавіка быў асаблівым: настаў час Вялікай суботы і Вялікоднай нядзелі. Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі замерлі ў чаканні Збаўцы, пасля чаго па ўсіх парафіях Гродзеншчыны разнёсся радасны гоман: “Хрыстос Уваскрос!”

У Вялікую суботу парафіяне, па ўжо даўно склаўшайся традыцыі, праз увесь дзень прыносілі ў касцёл кошычкі з велікоднымі стравамі для асвячэння.

уваскрасенне_2

Увечары вернікі сабраліся на Пасхальную вігілію, якая з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума і мае вельмі развіты і багаты змест, уключаючы ў сябе ўсю гісторыю збаўлення.

А ўначы ва ўсіх касцёлах Гродна праходзілі начныя малітоўныя чуванні, ў якіх вельмі актыўны ўдзел заўсёды прымаюць самыя маладыя вернікі.

Спачатку моладзь адаруе Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце ва ўласнай парафіі, пасля чаго наведвае суседнія касцёлы, каб супольна праславіць Бога малітвамі і спевам.

уваскрасенне_14

А 7 гадзіне па вуліцах Гродна прайшла ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія, пасля якой пачалася св. Імша, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

уваскрасенне_35

У сваёй гаміліі ардынарый разважаў над таямніцай уваскрасення Хрыста:

— Ужо больш за 2 тысячы гадоў праўда аб уваскрасенні Хрыста выклікае радасць у сэрцах хрысціянаў. А чаму яна выклікае гэтую радасць? Перш за ўсё той факт, што Езус уваскорс, азначае, што ён жывы. Яго гісторыя не скончылася ў гробе, а добрая навіна, якую Ён абвяшчаў, не засталася ў мінулым. Хоць Езуса без віны абвінавацілі, прыгаварылі да смерці і ўкрыжвалі – пасля 3 дзён Ён уваскрос, тым самым атрымаўшы перамогу над смерцю, насіллем і нянавісцю.

Уваскрасенне Езуса надае сэнс нашаму жыццю, паказвае, што яно не з’яўляецца пустой вандроўкай без мэты, але цудоўным падарожжам да збаўлення і вечнай радасці. Калі Ён паўстаў з мёртвых, то і мы ўваскрэснем.

На заканчэнне набажэнства біскуп блаславіў прысутных і пажадаў усім спакойных і радасных святаў Вялікадня.

grodnensis.by

для друку для друку