Вялікі пост — спрыяльны час для пакаяння

З пачаткам Вялікага посту, з Папяльцовай серады, мы часта будзем чуць заклік, з якога Езус пачаў сваю прапаведніцкую дзейнасць, — заклік да пакаяння: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» (Мц 4, 17). А што канкрэтна азначае пакаянне? Ці вычэрпваецца яно жалем за грахі і споведдзю?

У Новым Запавеце слова «пакаянне» амаль заўсёды перакладаецца грэчаскім словам «метаноя». Гэта слова складаецца з дзвюх частак: мета — пасля, разам (ужываецца для азначэння змены месца, умоваў, планаў, як у слове «метамарфозы») и ноэ — разумець, думаць. Літаральна гэта «змена розуму», або фундаментальная змена ў поглядах на жыццё і яго мэты, духоўнае пераўтварэнне.

У біблейскім сэнсе пакаянне — гэта паварот да Бога, прызнанне Яго адзіным уладаром нашага жыцця. Звычайна яно цесна звязана з жалем за грахі, але згрызоты сумлення — гэта яшчэ не пакаянне, якое патрабуе змены поглядаў на жыццё: ад жыцця, скіраванага на свой дабрабыт з апораю на сябе і рэчы гэтага свету, да жыцця скіраванага на выкананне волі Пана з апораю толькі на Яго.

Такое пакаянне можа пачацца імгненна, але працягваецца яно ўсё жыццё ў канкрэтных штодзённых думках і ўчынках. Чаму менавіта Вялікі пост лічыцца ў Касцёле «спрыяльным часам» (2 Кар 6, 2) для пакаяння?

Вялікі пост — гэта час падрыхтоўкі да Вялікадня, калі Касцёл святкуе цэнтральную падзею ў гісторыі збаўлення: укрыжаванне, смерць і ўваскрасенне Пана нашага, Езуса Хрыста.

Прынізіўшы сябе праз прыняцце чалавечай натуры, Ён таксама прыняў на сябе пакуты і смерць, звязаныя з ёю. Але Езус пакутаваў не за свае грахі, а дзеля збаўлення нас ад іх улады, «бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16–17). Калі чалавецтва, забруджанае грахом, памерла разам з Ім на Крыжы, то новае чалавецтва паўстала з Ім з магілы. Кайданы зваліліся! «Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?» — радасна ўсклікае Апостал Павел (1 Кар 15, 55). Такім чынам адкрываецца шлях да Бога — наша чалавечая натура далучаецца да чалавецтва Хрыста і праз гэта мае еднасць з Богам. Менавіта гэта і адбываецца падчас хросту, як напісана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (1420), праз так званыя таямніцы хрысціянскай ініцыяцыі (хрост, канфірмацыю, Эўхарыстыю) мы літаральна атрымліваем новае жыццё ў Хрысце.

Але гэта не аўтаматычнае збаўленне, якое здараецца, пакуль мы спім, без нашага ўдзелу ці супраць нашай волі. Бог — гэта Любоў і ад нас Ён хоча любові, а не ахвяры. Вялікдзень — гэта найвышэйшы дар Любові для нас ад Пана Бога, гэта дар Яго жыцця.

Набліжэнне да гэтага дня нагадвае нам пра тое, што мы не заўсёды памятаем пра гэты дар: хтосьці праз свядомыя ўчынкі супраць Бога і людзей, але большасць з нас праз абыякавасць, духоўную ляноту ці ідалапаклонства — адсутнасць практычнай веры менавіта ва ўсемагутнасць Пана Бога. Пан Бог стукаецца ў нашыя дзверы: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20). А мы не заўсёды спяшаемся адарвацца ад тэлевізара, кухні, агароду і пусціць Яго ў наша жыццё. Нам зручней, каб Бог заставаўся на небе ці ў манстранцыі ў касцёле, і каб мы маглі выклікаць Яго «на сувязь», калі нам гэта патрэбна. І здараецца, што праз некаторы час мы Яго ўжо і зусім не чуем або чуем кепска.

Вялікі пост — гэта магчымасць прачнуцца, вырвацца з кола штодзённага жыцця, паглядзець на свае адносіны да Бога і людзей і пакаяцца.

Галоўныя дапаможныя сродкі пакаяння — гэта пост, малітва і міласціна (справы міласэрнасці). Яны часта разам згадваюцца ў Святым Пісанні: Сір 7, 10, Дан 9, 3, Мц 6, 2; 5; 16, бо яны ўяўляюць непадзельную еднасць ўцелаўлённага духоўнага жыцця. Пакаянне — гэта прысвячэнне ўсяго свайго жыцця Богу, а не толькі яго духоўнай часткі. Нельга абраць з трох толькі той пункт, які больш падабаецца, бо малітва дае змест і кірунак усім нашым учынкам; пост — дапамагае нам фізічна і духоўна, спусташаючы нас для таго, каб мы былі падрыхтаваныя прыняць тое, што даецца ў малітве; а справы міласэрнасці — гэта плён посту і малітвы, які гарантуе, што яны не былі прыватнымі намаганнямі выслужыцца перад Богам.

Пост.

Пад гэтым словам мы звычайна разумеем не толькі абмежаванне колькасці ежы, але і ўстрыманне ад некаторых відаў ежы (мяса ці жывёльных прадуктаў), а таксама ўхіленне ад розных забаваў і да т. п.

Першыя хрысціяне спачатку прытрымлівася габрэйскай традыцыі посту ў панядзелак і чацвер, але хутка замест гэтых дзён абралі сераду і пятніцу як дні ўспаміну пра здраду Юды і ўкрыжаванне Хрыста. Літургічнае жыццё першых хрысціянаў было завязана больш з тыднёвым, чым гадавым цыклам, таму існавала шмат розных мясцовых традыцый у вызначэнні перыяду перад Вялікаднем. Устанаўленне сарака дзён (лац. quadragesima), па прыкладзе выпрабаванняў Хрыста ў пустыні, для справаў пакаяння і міласціны пачало ўмацоўвацца ў канцы IV стагоддзя. З часам Касцёл у розных частках свету выпрацаваў свае складаныя і строгія календары пастоў. Сучасная традыцыя Каталіцкага Касцёла спрасціла іх патрабаванні.

Каноны (1250–1252) Кодэксу кананічнага права, прынятага ў 1983 годзе, акрэсліваюць правілы посту і ўстрымання. Трэба адрозніваць пост і ўстрыманне. Пост — гэта абмежаванне колькасці пасілкаў (мы гаворым, што ў пост дазваляецца з’есці адзін раз у дзень дасыта), а ўстрыманне — гэта абмежаванне нейкага віду ежы (у нашым выпадку гаворым аб устрыманні ад мясных страваў). Паводле права пост абавязвае людзей ад 18-і да 60-і гадоў жыцця, а ўстрыманне — ад 14-і гадоў жыцця. Устрыманне абавязвае кожную пятніцу на працягу года, калі на гэты дзень не прыпадае ўрачыстасць, а пост і ўстрыманне абавязваюць нас у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу.

Часта вернікі «за пакуту» бяруць дабравольныя пастановы ў перыяд посту. Гэта трэба рабіць асцярожна, памятаючы, што пост існуе не для самапакарання, а з’яўляецца сродкам рэлігійнага лячэння ад залежнасцяў гэтага свету і набліжэння да Пана. У свеце столькі сапраўдных пакутаў і голаду, што можа падацца цынізмам уласнага змушэння на пакуты. Хрыстус цярпеў за нас на Крыжы дзеля таго, каб мы былі вызваленыя ад пакутаў і смерці і жылі ў еднасці з Богам.

Малітва.

Духоўны сэнс посту адкрываецца ў малітве. Без малітвы ён або «дыета», або сродак для пазбаўлення ад нежаданай вагі. Малітва — гэта наш час, праведзены з Богам. Але падчас малітвы мы не проста думаем пра Бога або дасылаем яму запыты з нашымі пажаданнямі ці клопатамі — гэта ўвогуле нават не тое, што мы робім самі, бо сам Дух Святы моліцца ў нас, калі мы яму не перашкаджаем: «Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» (Рым 8, 26).

Праз малітву мы пачынаем пазнаваць Бога і вучымся жыць паводле Яго волі. Мы не можам ахапіць Бога нашым розумам як ідэю, але мы можам навучыцца пазнаваць Яго голас і ў шэпце ветру, і ва ўраганах. Таму самае галоўнае ў малітве — гэта ўсведамленне прысутнасці Таго, Каму мы молімся: «Спыніцеся ды пазнайце, што Я — Бог!» (пар. Пс 46, 11). Часта мы не хочам губляць часу, каб супакоіць свае думкі, свае жаданні, свае словы і адкрыць сваё сэрца для Пана. Тады малітва ператвараецца ў фармалізм. У малітве не трэба спяшацца. Лепш маліцца карацей, але шчыра, лепш гаварыць менш словаў, але сцішыць свае думкі і прыслухацца да Пана. Тады Дух падтрымае нас у нашай слабасці і спраўдзяцца словы: «Няхай мая малітва ўзыдзе да Цябе, нібы кадзіла» (Пс 141, 2).

Міласціна.

Знешнія прыкметы плённай малітвы — гэта міласціна, або справы міласэрнасці. Міласэрнасць — гэта не проста шчодрасць і жаданне падзяліцца з іншымі сваёй маёмасцю і сваім часам. Міласэрнасць — гэта ўчынкі ў адпаведнасці з Божай справядлівасцю. Гэта ўсведамленне таго, што ўсё, што мы маем, — грошы, таленты, час — усё гэта ад Бога і толькі Яму належыць, і таму ўсё павінна выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з Яго воляю. У Святым Пісанні ўзгадваюцца розныя справы міласэрнасці — галоднага накарміць, напаіць сасмяглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых і суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Асабліва шануецца гасціннасць — ветлівасць да незнаёмцаў, бо сам Пан Бог з’явіўся Абрагаму ў вобразе трох вандроўнікаў (пар. Быц 18, 1–5), а Езус быў уцекачом у Егіпце (пар. Мц 2, 13–23).

Разам пост, малітва і міласціна ў жыцці чалавека — гэта яго «дэкларацыя незалежнасці» ад свету і паўстанне супраць заганных звычак, задавальненняў, ляноты, якія сталі паміж ім і Богам. Яны парушаюць нашу мітуслівую заклапочанасць асабістым дабрабытам і ўзнаўляюць належныя адносіны з Богам, людзьмі, самім сабою і ўсім светам.

Прыслухайцеся да чытанняў у Папяльцовую сераду — усе яны заклікаюць да пакаяння і разумення яго сапраўднага хрысціянскага сэнсу. Спыніцеся і паслухайце словы Пана: «Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам у посце, у плачы і галашэнні. Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне, і навярніцеся да Пана Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы, неахвочы да пакарання» (Ёэл 2, 12–13).

ave-maria.by

для друку для друку