Вялікі пост – час клопату аб збаўленні

250x361-images-stories-n418-gremzaПра велікапосныя пастановы, абмежаванне ў ежы і карысць пакаяннага перыяду ў інтэрв’ю з ксяндзом Антоніем Грэмзам.

— Што з’яўляецца галоўнай мэтай Вялікага посту? 

— Усё ў літургіі Вялікага посту мае свой глыбокі сэнс, накіраваны на духоўную падрыхтоўку вернікаў да велікоднай радасці Уваскрасення Хрыста. Па сутнасці, Вялікі пост патрэбны, каб разам з Езусам у нашай шэрай штодзённасці адчуць смак сапраўднага жыцця. Я б нават сказаў, адчуць смагу вечнасці з Уваскрослым Хрыстом.

— Як Касцёл раіць перажываць гэты перыяд?

— Перш за ўсё, перад вачыма вернікаў павінен быць прыклад самога Езуса, у Ім патрэбна шукаць сапраўдны ўзор перажывання велікапоснага часу: пост Хрыста на пустыні, аддаленне спакус д’ябла, асабістая малітва і ахвярная любоў да тых, хто ў патрэбе. Шматвекавая традыцыя і мудрасць навучання Касцёла мае пэўныя выпрацаваныя практыкі: пост, малітва і міласціна. Апрача гэтага, больш цесна злучыцца з Езусам дапамагаюць разважанні Крыжовага шляху, набажэнства Песняў жальбы, а таксама ўдзел у велікапосных рэкалекцыях і сакрамант споведзі. †

— Якія пастановы можна і патрэбна рабіць падчас Вялікага посту? 

— Гэта залежыць ад асабістага жыцця кожнага чалавека, ад разумення, што яму перашкаджае ў сапраўдным быцці з Богам. Вернік робіць пастанову з мэтай атрымання багатага духоўнага плёну. Таму пры выбары пастановы важна захоўваць разважлівасць, каб яна сапраўды прывяла да ўзрастання хрысціянскай любові да Бога і бліжняга. Многія людзі адмаўляюцца ад ежы, якая ім больш за ўсё падабаецца, ад прагляду тэлевізара, ад інтэрнэту, абяцаюць змагацца са схільнасцямі да курэння і ўжывання алкаголю. Гэта знешнія пастановы, але варта таксама ўзгадаць і пра пастановы, якія датычацца ўнутранага жыцця: штодзённая малітва, чытанне Святога Пісання і іншай хрысціянскай літаратуры, здзяйсненне ўчынкаў міласэрнасці. Асабліва да выканання ўчынкаў міласэрнасці для душы і цела ў Юбілейны год міласэрнасці заклікае вернікаў папа Францішак.

— Навошта абмяжоўваць сябе ў нечым? 

— Абмежаванне ў прыемных рэчах (у ежы, забавах і іншых справах) людзі часта разумеюць як форму забароны. Насамрэч, канкрэтны велікапосны ўчынак выбіраецца ў якасці дабравольнай пастановы. Праз яго хрысціянін самаўдасканальваецца. Агульная практыка духоўнага жыцця пацвярджае той факт, што каб атрымаць нешта большае, патрэбна навучыцца аддаваць. Падчас Вялікага посту чалавек вучыцца аддаваць сваю слабасць, прыхільнасць да прыемных рэчаў і грахоўных звычак.

— Якая розніца паміж постам і ўстрыманнем? 

— Пост мае сваю рэлігійную інтэнцыю і спалучаны з момантам адмовы ад нечага дзеля любові Бога і бліжняга. Вельмі часта посным пастановам спадарожнічае малітва, якая дапамагае ў іх трываць. Ва ўстрыманні людзі ставяць на першае месца асабістую карысць: напрыклад, клопат пра ўласнае цела і здароўе ў форме розных дыет. Калі чалавек жадае атрымаць плён для душы праз тую ж адмову ад нейкай ежы, то павінен узбудзіць, у першую чаргу, духоўную інтэнцыю.

— Наколькі абмежаваны пост у ежы? 

— Пост ад мясных страў называецца якасным і захоўваецца ў кожную пятніцу на працягу года (апрача прыпадаючых у гэтыя дні ўрачыстасцей), а таксама ў Папяльцовую сераду. У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу нас абавязвае як якасны пост, так і колькасны, калі дапускаецца толькі адзін пасілак дасыта. Дарэчы, адмова ад мяса адзін раз на тыдзень з’яўляецца карыснай як для цела, так і для душы. Сёння пост носіць больш лёгкі характар, чым гэта было да рэформы поснай дысцыпліны, якую ўвёў бласлаўлёны папа Павел VI у 1966 годзе (Саборная канстытуцыя “Paenitemini”). Старэйшыя вернікі памятаюць, што нельга было спажываць малочных прадуктаў, яек і тлушчу. Цяпер навучанне Касцёла гэтага не забараняе, а ўсё большую ўвагу звяртае на духоўнае вымярэнне посту і барацьбу з грэшнымі схільнасцямі.

— Каму можна не пасціцца? 

— Касцёл заахвочвае да фарміравання духа пакуты ад наймалодшых гадоў жыцця (параўн. кан. 1252 ККП). У той жа час, ад якаснага посту па пятніцах вызваляюцца дзеці ва ўзросце да 14 гадоў. Старэйшыя вернікі абавязаны захоўваць пятнічны пост на працягу ўсяго года. Колькасны пост у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў. Падчас якаснага посту (апрача Папяльцовай серады і Вялікай пятніцы) Касцёл дазваляе спажываць мясныя прадукты вернікам, якія выконваюць фізічную працу, знаходзяцца ў далёкім падарожжы або перажываюць хваробу. Паслабленні робяцца таксама для састарэлых лю-дзей і цяжарных жанчын. Саборная канстытуцыя “Paenitemini” дазваляе канферэнцыі біскупаў кожнай краіны ўводзіць змены адносна ўзросту вернікаў і якасці посту, не змяняючы пакутнага характару кожнай пятніцы.

— Наколькі важны ўдзел у рэкалекцыях падчас Вялікага посту? 

— Сутнасцю велікапосных рэкалекцый з’яўляецца прыняцце закліку Пана Езуса да навяртання. Мы чуем гэты зварот на пачатку Вялікага посту падчас ускладання на нашыя галовы попелу – “навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Навукі, канферэнцыі, набажэнствы спрыяюць гэтаму водгуку на заклік Хрыста. Гэта адбываецца праз навяртанне ў сакраманце споведзі і шчырае жаданне трывання ў Божай ласцы. Рэкалекцыі – гэта таксама час, каб праз словы навучання святара і малітвы паяднацца з бліжнімі і паклапаціцца аб збаўленні кожнага чалавека. Прымаючы ўдзел у рэкалекцыях, мы нанова ўсведамляем праўду аб тым, што Езус памёр за нас на крыжы і ўзлюбіў усіх аднолькавай любоўю.

— Якая карысць гэтага перыяду для сапраўднага верніка?

— Гэта карысць духоўная, каб сярод зямных імкненняў людзі не забываліся клапаціцца пра вечнае і духоўнае адкупленне, якое кожнаму на крыжы выслужыў Хрыстос. Калі падчас Вялікага посту мы будзем пра гэта памятаць і да гэтага імкнуцца, то, напэўна, не змарнуем пакутнага перыяду і спазнаем сапраўдную радасць Уваскрасення Хрыста, каб жыць з Ім вечна. Гэта і ёсць тая галоўная мэта, да якой мы скіроўваемся на працягу Вялікага посту і ўсяго нашага жыцця.

slowo.grodnensis.by

для друку для друку