Выстава прац адзінага вядомага літоўскага святара-скульптара адкрылася ў Гродне

Унікальная экспазіцыя аўтарскіх прац кс. Антанаса Рымавічуса (1865–1933) адкрылася 26 кастрычніка ў Гродзенскім музее гісторыі рэлігіі. Міжнародная выстава носіць назву «Богу і чалавеку».

У большасці — гэта творы рэлігійнай тэматыкі: драўляныя скульптуры Хрыста, Марыі, апосталаў і святых. Як адзначылі арганізатары выставы, «ксёндз быў разьбяром-самавукам, але ён па-майстэрску асвоіў тэхніку перадачы радасці і болю, спакою і рашучасці праз нерухомасць статуй».

Кс. Антанас пачаў тварыць, калі трапіў на службу ў сваю першую парафію ў Латвіі, дзе нёс пастырскую паслугу на працягу 17-і гадоў. Там ён пазнаў асновы разьбы па дрэву і паступова аднавіў увесь касцёл. Слава пра працавітага і ўмельскага святара разышлася па ўсёй дыяцэзіі. Кс. Антанаса пачалі накіроўваць на службу ў тыя парафіі, дзе святыні знаходзіліся ў крыху занядбаным стане. Пад канец жыцця кс. Рымавічуса ягоная спадчына налічвала 500 скульптур — 132 з якіх ён завяшчаў Шаўляйскаму музею «Аўшрос» (Літва). Экспанаты менавіта з літоўскіх збораў выстаўляюцца ў мясцовым музее.

«Кс. Антанас на працягу ўсяго свайго існавання аддаваў сябе Богу і чалавеку, і працягвае рабіць гэта пасля смерці. Бо ягоныя творы будуць падарожнічаць далей, захапляючы людзей з іншых краін і набліжаючы іх да Усявышняга», — падкрэсліў Генеральны консул Літвы ў Гродне Генадзіюс Мацкеліс падчас вернісажу.

Выставў можна ўбачыць да 10 снежня. Музей працуе штодня акрамя выхадных з 10.00 да 18.00 (каса да 17.30). Бясплатны дзень — другі панядзелак кожнага месяца.

Ангеліна Марцішэўская, grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі