Выстава мастака Ткачова адкрылася ў віцебскім касцёле

vicebsk_vystava0119 верасня ў касцёле Святога Духа ў Віцебску адкрылася выстава знакамітага мастака Мікалая Іванавіча Ткачова.

Ткачоў нарадзіўся 21 снежня 1941 года ў вёсцы Удога Магілёўскай вобласці. У 1968 годзе скончыў Адэскае вучылішча імя М.Грэкава. З 1969 года ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Мікалай Іванавіч атрымаў талент ад Бога, ён праслаўляў Госпада праз стварэнне абразоў.

На адкрыццё гэтай выстаўкі а. Міхаіл Ермашкевіч зазначыў: “Езус Хрыстус — уцелаўлёны Бог, менавіта Ён з’яўляецца для нас мастаком. Неба, зямля, рэкі і ўсё, што вакол — гэта Божае стварэнне і Бога можна пазнаць толькі па стварэннях”.

“Бог кіруе рукамі чалавека. Чалавек ідзе да Бога рознымі шляхамі, нават праз стварэнне абразоў, якія з’яўляюцца святлом у вечнасць”, — дадаў святар.

На выстаўцы таксама прысутнічаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Віцебскі ардынарый зазначыў, што мы спасцігаем натхненне, бачачы абразы. “Яны могуць быць для нас сведчаннем. Бога знаходзіць той, хто Яго шукае. За творчасць, якую мы бачым,  Бог аддзячыць гэтаму чалавеку”, — прамовіў біскуп Алег.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі таксама сястра Мікалая Іванавіча і жонка Ала Аляксандраўна. Апошняя распавяла, што яе муж не мог ні аб чым думаць, толькі як пра Бога. А яна павінна была дапамагчы яму ў гэтым і такім чынам праславіць Хрыста.

Алёна Фянько, тэкст і фота

для друку для друку