Выстаўка Кракаўскіх калядных батлеек адкрылася ў Мінску

Упершыню ў беларускую сталіцу прыехала выстаўка Кракаўскіх калядных батлеек. 12 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі, паведамляе Catholic.by.

Арганізаваная сумеснымі намаганнямі Гістарычнага музея горада Кракава (Польшча) і Польскім Інстытутам у Мінску па ініцыятыве Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі выстаўка — першы сумесны праект двух гістарычных музеяў. Раней экспазіцыя была прадстаўлена ў Канадзе, Расіі, Чэхіі і іншых краінах свету.

У святочную калядную атмасферу гасцей выстаўкі ўвёў Дзяржаўны камерны хор пад кіраўніцтвам дырыжора, заслужанага артыста Беларусі Наталлі Міхайлавай. Калектыў выканаў некалькі песень на тэму Божага Нараджэння.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі, намеснік гістарычнага музея Кракава Ганна Сухавяк, куратар выстаўкі Міхал Шчэрба, рэстаўратар Ганна Гарольц, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Рыжкоў.

«Кракаўскія калядныя батлейкі — гэта не проста калядныя сцэны ў экстэр’еры кракаўскіх будынкаў, але нашмат больш. Гэта аповед пра Кракаў, у якім пераплятаюцца гісторыя, легенды і сучаснасць каралеўскага горада і ўсёй Польшчы. Нездарма гэтая адметная кракаўская традыцыя ўнесена ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Польшчы», — заўважыў на адкрыцці экспазіцыі дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі.

Па словах Матэуша Адамскага, батлейкі нездарма маюць такую складаную канструкцыю. Звычайна іх пачынаюць майстраваць за год да святаў Божага Нараджэння.

Намеснік дырэктара Гістарычнага музея Кракава Ганна Сухавяк скіравала ўвагу прысутных на дакументальны фільм, які можна было пабачыць падчас прэзентацыі экспазіцыі. Стужка на польскай мове распавядала пра стварэнне калядных батлеек.

«Нашыя батлеечнікі маюць розны ўзрост, таму што гэтая традыцыя ёсць толькі ў Кракаве і перадаецца з пакалення ў пакаленне», — заўважыла Ганна Сухавяк.

«Я думаю, што батлейка аб’ядноўвае нашыя народы, таму што яна тут вельмі вядомая, як і ў Польшчы. Верагодна, яе традыцыя ўзыходзіць да традыцыі ясляў і калядавання», — адзначыў куратар выстаўкі Міхал Шчэрба, які распавёў таксама пра гісторыю ўзнікнення традыцыі майстравання Кракаўскіх батлеек.

«Два гады таму, калі мы наведвалі Кракаў у складзе дэлегацыі і знаёміліся з мясцовым гістарычным музеем, мы загадалі, што менавіта гэтая выстаўка павінна прыехаць у Мінск. Яна нас проста зачаравала прыгажосцю сваіх вырабаў і традыцыяй. Таму дзякую музею Кракава, што мары ў горадзе Кракаве рэалізаваліся ў горадзе Мінску, дзякую таксама Інстытуту Польскаму, што гэтыя мары дапамог рэалізаваць», — заўважыў дырэктар Нацыянальнага Гістарычнага музея Беларусі Алег Рыжкоў.

У знак падзякі і далейшага супрацоўніцтва Алег Рыжкоў падарыў гасцям з Польшчы памятныя кнігі з апісаннем найбольш вядомых музейных экспанатаў Беларусі.

На адкрыцці выстаўкі было вельмі шмат наведвальнікаў. Хтосьці прыйшоў з дзецьмі, як, напрыклад, аўтар і арганізатар музычна-мастацкіх канцэртаў у Мінску Сюзанна Сцепанян.

«Я вельмі люблю наведваць выстаўкі. Люблю Варшаву і ўвогуле Польшчу, таму мне гэта было вельмі цікава. Выстаўка неверагодная! Шкада толькі, што мала экспанатаў. Вельмі ўсё аскрава і ярка, асабліва гэтыя маленькія дэталі ў батлейках. Неверагодна! Гэта ж усё ўручную рабілася. І дзецям усё цікава. Нават я разам з імі хачу да ўсяго гэтага дакрануцца», — падзялілася жанчына.

З гісторыі калядных батлеек

Калядныя батлейкі вядомыя ў Польшчы яшчэ з XVIII стагоддзя. Першапачаткова гэта былі простыя канструкцыі з саламяным дахам. З часам яны станавіліся ўсё больш вытанчанымі і прымалі розныя формы. Найбольш поўнае іх развіццё ўвабрала ў сябе менавіта Кракаўская батлейка.

Найбольш сталай архітэктурнай формы кракаўская батлейка дасягнула ў ХІХ стагоддзі. Яна набыла выгляд канструкцыі з вежамі, з характэрным злучэннем разнастайных элементаў архітэктурных помнікаў горада. З часам паўсталі цэлыя сямейныя дынастыі, якія займаліся вытворчасцю батлеек.

Традыцыя майстравання батлеек была прыпынена ў 20-я гады ХХ стагоддзя з-за гаспадарчага крызісу. Па гэтай прычыне ў 1937 годзе гісторык і этнограф Ежы Дабжыцкі арганізаваў у Кракаве конкурс на самую прыгожую батлейку, каб аднавіць гэтую традыцыю. У 1938 годзе прайшоў другі такі конкурс, але хутка традыцыя зноў перарвалася ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны.

Конкурс аднавіўся толькі ў 1946 годзе. Яго арганізаваў ужо Гістарычны музей Кракава, дырэктарам якога на той час быў Ежы Дабжыцкі. З таго часу традыцыя майстравання батлеек штогод працягваецца. У гэтым годзе адбыўся ўжо 75-ы конкурс Кракаўскай каляднай батлейкі.

для друку для друку