Выпускнікі катэхетычных курсаў у Гродне атрымалі дыпломы

kursy_katehet11 чэрвеня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ўрачыстай святой Імшой завяршыўся акадэмічны год у студэнтаў катэхетычных курсаў пры аддзеле навучання Гродзенскай курыі. Дзевяць выпускнікоў атрымала дыпломы і біскупскае бласлаўленне.

Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Канцэлебравалі яе а. д-р Андрэй Шчупал, кс. Юзаф Трубовіч і кс. Антоній Грэмза. У гаміліі іерарх звярнуў увагу студэнтаў на тое, што кожнага з іх паклікаў Езус. 

“Вы выйшлі насустрач Хрысту, каб паглыбляць свае веды, спазнаваць Бога рознабакова. Гэта павінна насыціць вашыя сэрцы, а вы павінны перадаваць тое, аб чым пачулі, іншым”, – сказаў біскуп.

Іерарх падкрэсліў вострую неабходнасць у сведчанні сваёй веры. “У пару вольнасці, свабоды людзі часта адчуваюць холад у сэрцы да Бога. Варта з адвагай, перакананнем і радасцю абвяшчаць Евангелле, несці людзям Добрую Навіну”. Ён заахвоціў студэнтаў падзякаваць блізкім за разуменне і салідарнасць. “Гэта ваша агульнае дасягненне”, – адзначыў біскуп.

Пасля пастырскага бласлаўлення выпускнікі падзякавалі ўсім, хто вёў іх па шляху да спазнання Праўды. Напрыканцы а. д-р Андрэй Шчупал пажадаў студэнтам добрых канікул, каб з новымі сіламі распачаць наступны акадэмічны год.

grodnensis.by

для друку для друку