Выбраныя быць сябрамі

Навучанне Хрыста, якое людзі пачулі прыкладна дзве тысячы год таму, не магло іх не шакіраваць. Месія вырашыў назваць сваіх вучняў сябрамі, а не проста слугамі, якія механічна выконваюць волю Нябачнай Істоты. Бог вырашыў выбраць чалавека і даць яму толькі адно заданне — любіць.

“Любі і рабі што хочаш”, — так казаў святы Аўгустын пра галоўнае заданне чалавека. Нам не падабаецца, калі нас абмяжоўваюць: не рабі гэта, не кажы тое… А што калі паглядзець на наша чалавечае пакліканне пазітыўна — табе ўсё дазволена, усё ў тваіх руках, але Біблія ў Першым Пасланні да Карынцянаў дадае адно вельмі важнае ўдакладненне: “Усё мне можна, але не ўсё карысна”.

Дык што мне карысна? Найперш, карысна жыць не механічна, не бяздумна. Часамі наша жыццё нагадвае працу будаўніка, які з раніцы да вечара бегае па будоўлі з тачкай з рознымі інструментамі туды-сюды. Такі чалавек вельмі стамляецца за цэлы дзень, але яго праца не мае ніякіх эфектаў.

Пісанне перадае нам словы Хрыста: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён”. Такім чынам адказ на галоўнае пытанне, якое непакоіць кожнага чалавека, ужо дадзены: Бог выбраў кожнага чалавека, незалежна ад яго паходжання і здольнасцей, для таго каб людзі рэалізоўвалі свае здольнасці і любілі іншых там, куды Бог іх пашле.

Наша мэта заключаецца ў тым, каб не пераставаць быць сябрамі Хрыста. Калі ж мы з’яўляемся яго сябрамі? Адказ на гэтае пытанне запісаны ў Евангеллі: “Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам”. Можна спрабаваць стаць сябрам Месіі па-свойму, не выконваючы яго запаведзі, але відавочна, што гэта ў нас не атрымаецца. Калі б кожны мог быць шчаслівым па-свойму, паасобку, то прыход Божага Сына на зямлю быў бы не патрэбны.

Мы з’яўляемся сябрамі Хрыста, калі любім іншых людзей так, як ён нас палюбіў. “Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй”, — гэтыя словы Хрыста могуць гучаць як дакор кожнаму з нас. Мы ўсе часамі робім памылкі, але не ўсё яшчэ для нас страчана, калі мы ўмеем іх заўважыць і пастарацца не паўтараць.

Нас могуць расчароўваць адносіны іншых людзей да жыцця, нам можа здавацца, што любові больш няма месца ў свеце. Нават калі любоў памірае ў сэрцы чалавека, яна ніколі не памірае ў сэрцы Бога. Варта жыць той любоўю, якая ніколі не прамінае…

Ксёндз Кірыл Бардонаў, sb.by

для друку для друку