Вучэнне Касцёла аб смяротным пакаранні

Два гады таму, 2 жніўня 2018 г., Папа Рымскі Францішак унёс змены ў параграф 2267 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які датычыць маральнай ацэнкі смяротнага пакарання. З нагоды гэтай даты варта ўзгадаць, што кажа пра смяротнае пакаранне каталіцкае веравучэнне.

Смяротнае пакаранне – гэта найвышэйшае вымярэнне пакарання за найбольш цяжкія злачынствы. У часы Старога Запавету яно прымянялася за праступкі супраць жыцця, веры, бацькоў, сэксуальнасці і за невыкананне шабату. У большасці выпадкаў, аднак, акрамя хіба наўмыснага забойства, смяротны прысуд мог быць заменены на выкуп. Старажытныя хрысціянскія мысліцелі лічылі смяротнае пакаранне супярэчным веры. Адной з умоваў прыняцця хросту чыноўнікам у Рымскай імперыі ў першых стагоддзях было адрачэнне ад права ius gladii — аддавання кагосьці на смерць. Тым не менш, з цягам часу магчымасць смяротнага пакарання паступова прымалася і хрысціянамі як адзін з элементаў дзяржаўнага закону. Святы Тамаш з Аквіну абгрунтоўваў прымяненне смяротнага пакарання патрэбай абароны супольнага дабра, крайняй неабходнасцю аховы грамадства ад злачынцы.

Аргумент Святога Тамаша ў ХІХ- ХХ ст.ст. паступова пачаў страчваць сваю актуальнасць, разам з развіццём турэмнай сістэмы і нарастаючай уразлівасцю грамадства на патрэбу абароны правоў чалавека. Аднак дапушчэнне смяротнага пакарання ў выключных выпадках існавала далей у вучэнні Касцёла. Яно грунтавалася на так званым праве на справядлівую, або слушную, абарону. Згодна з гэтым правам, можна пазбавіць жыцця нападніка, калі ўсіх іншых бяскроўных сродкаў недастаткова для абароны ўласнага жыцця ад яго. Менавіта такое паясненне можна знайсці ў старых падручніках для катэхезы або ў першым выданні Катэхізіса Каталіцкага Касцёла з 1982 года.

На парктыцы Каталіцкі Касцёл, аднак, выступаў за адмену смяротнага пакарання ў свеце. Папа Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Evangelium vitae» (1995 г.), прысвечанай вартасці і непарушальнасці чалавечага жыцця, закрануў тэму смяротнага пакарання і ўзгадаў словы Катэхізіса, што нельга прымяняць найвышэйшую меру пакарання, гэта значыць, пазбаўляць жыцця злачынцу, акрамя як у выпадках абсалютнай неабходнасці, калі няма іншых спосабаў аховы грамадства. Сёння аднак, – дадаў Папа — дзякуючы штораз лепшай арганізацыі пенітэнцыярных устаноў, такія выпадкі вельмі рэдкія, а можа быць, ужо не здараюцца ўвогуле. У 1997 годзе Ян Павел ІІ зрабіў першыя папраўкі ў Катэхізіс, уключыўшы ў яго вышэйузгаданае сцверджанне.

Папа Бенедыкт XVI таксама заклікаў да скасавання смяротнага пакарання. У сваім пасланні на трэці сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання (2007 г.) Папа сцвярджаў, што яно з’яўляецца не толькі замахам на жыццё, але абразай чалавечай годнасці. Наступнік Бенедыкта XVI, Папа Францішак, пайшоў яшчэ далей: выступаючы за адмену смяротнага пакарання, ён назваў нават пажыццёвае зняволенне яго ўтоенай формай. І менавіта Папа Францішак спецыяльным дакументам – рэскрыптам, які суправаджаўся пасланнем прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння да ўсіх біскупаў свету, увёў прынцыповую змену ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, не пакідаючы для смяротнага пакарання ніводнай магчымасці.

Святы Айцец падкрэсліў, па-першае, што чалавек не страчвае сваёй годнасці нават пасля здзяйснення найцяжэйшых злачынстваў. Па-другое, у сучасным свеце распаўсюдзілася новае разуменне сэнсу карных санкцый, якія выкарыстоўвае дзяржава ў абароне грамадзян. Маецца на ўвазе, што пакаранне не павінна быць помстай, але несці выхаваўчы сэнс, не адбіраць у асуджанага магчымасці пакаяння. Да таго ж у нашы дні створаныя больш эфектыўныя сістэмы абмежавання волі, якія канчаткова не пазбаўляюць зняволенага магчымасці адкуплення правінаў. Такім чынам, параграф 2267 найноўшай версіі Катэхізіса кажа наступнае:

«Касцёл у святле Евангелля навучае, што смяротнае пакаранне з’яўляецца недапушчальным, таму што з’яўляецца замахам на непарушнасць і годнасць асобы, і рашуча імкнецца да яго адмены ва ўсім свеце».

У свеце шмат міжнародных рухаў і арганізацый змагаецца супраць пакарання асуджаных смерцю. Ужо больш за дзве трэція краін свету адмовіліся ад смяротнага пакарання. 108 краін зрабілі гэта поўнасцю, 7 краін пакінулі магчымасць яго выканання толькі ў выключных абставінах, такіх як ваеннае становішча, а ў 29 краінах уведзены мараторый на смяротнае пакаранне, або на працягу апошніх дзесяці гадоў не выконвалася ніводнага смяротнага прысуду. На жаль, практыка смяротнага пакарання далей захоўваецца ў 55 дзяржавах. Гэта ў асноўным краіны Азіі і Афрыкі, а таксама Злучаныя Штаты Амерыкі і наша краіна — Рэспубліка Беларусь. Большасць прысудаў выконваецца ў Кітаі, Іране, Саудаўскай Аравіі, В’етнаме і Іраку.

Толькі Бог з’яўляецца Панам жыцця, толькі Ён мае права ім распараджацца: даць або забраць. Мы часта дзелім людзей на лепшых і горшых, на добрых і злых, прысвойваем сабе права вырашаць, хто мае права жыць, а хто павінен быць асуджаны на смерць. Аднак Бог бачыць не так, як чалавек. Жыццё ўсіх людзей, нават найгоршага злачынцы, ў вачах Бога-Стварыцеля мае аднолькавую вартасць. Неабходна пра гэта памятаць і маліцца, каб чалавечае жыццё і годнасць былі шанаваныя ва ўсім свеце.

С. Дар’я Галубкова OV

для друку для друку