Восеньскія вакацыі з Богам прайшлi ў Мiнску

У араторыі імя св. Яна Боска ў Мінску пры парафіі св. Яна Хрысціцеля з 1 па 6 лістапада адбываліся вакацыі з Богам. Дэвізам сёлетніх вакацый з’яўляліся словы «Разам з Янам Боско крочым і дайсці да Неба хочам!», паведамляе sdb.by.

Варта адзначыць, што лагер быў падзелены на дзве часткi: днём адбываўся лагер для дзяцей, а ўвечары была арганізавана праграма для падлеткаў.

На працягу 5 дзён дзеці з дапамогай с. Дар’і Еўтухоўскай FMA, кс. Алега Каралёва SDB і аніматараў разважалі над дзяцінствам св. Яна Боска. Удзельнікі вакацый вучыліся быць добрымі апосталамі сярод сваіх сяброў і ў сям’і, берагчы і развіваць свае таленты, разважалі над тым, што такое беднасць і шчодрасць і даведаліся шмат новага і цікавага.

Цэнтральным момантам кожнага дня з’яўлялася святая Імша.

Традыцыйна ў дзень успаміну усіх памерлых, 2 лiстапада, дзеці разам з арганiзатарамi вакацый выехалі на могілкі, каб там памаліцца за душы сваiх родных, якія ўжо адышлі ў вечнасць.

У апошні дзень удзельнікаў лагера чакаў салодкі стол, падчас якога ўсе прысутныя маглі паразмаўляць, падзяліцца ўражаннямі, а таксама падзякаваць адзін аднаму за праведзены разам цудоўны час.

для друку для друку