Вялікая серада: Імша Хрызма ў Віцебскай катэдры

17 красавіка духавенства і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі сабраліся ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску на святую Імшу, падчас якой біскуп Алег Буткевіч блаславіў алеі хворых, катэхуменаў і Хрызма.

На самым пачатку іерарх прывітаў прысутных святароў, а асаблівым чынам кс. пралата Аляксандра Рагіню, сакратара Апостальскай нунцыятуры ў Аргенціне, генеральнага вікарыя кс. пралата Францішка Кіселя, айца архімандрыта Сяргея Гаека і прадстаўнікоў грэка-каталіцкай царквы.

У сваёй гаміліі віцебскі ардынарый звярнуў увагу на значэнне дару святарства. Біскуп Алег узгадаў цытату польскага арцыбіскупа Рыся: “Можна рабіць справы Бога, а можна рабіць справы для Бога” і пракаментаваў: “Мы, святары, не павінны імкнуцца рабіць нешта для Бога. Ён нічога не патрабуе. Але мы павінны рабіць справы Божыя, каб служыць Касцёлу, з якога вышлі і да якога пастаўлены, служыць яму па-Божаму. Так як казаў Езус: “Калі Я не раблю справы Айца Майго – не верце Мне. Аднак, калі раблю і не верыце мне – паверце справам Маім”. Гэта аргумент, які сёння адзіны здольны прамовіць праз нашу паслугу, калі тое, што робім, будзем рабіць па-Божаму. Гэтага таксама чакае ад нас Езус, каб мы служылі не столькі Яму, колькі ў Ім і разам з Ім”.

Падчас Імшы адбылося бласлаўленне алеяў, якія ўжываюцца для ўдзялення сакрамантаў хросту, бежмавання, святарскага пасвячэння і намашчэння хворых.

У гэты дзень святары аднавілі сваё абяцанне вернасці святарскаму служэнню. Адбыўся ўрачысты дыялог духавенства са сваім біскупам, які запытаўся ў прысутных, ці гатовыя яны ісці следам за Хрыстом і адказна выконваць сваю пастырскую місію.

Пасля пацвярджэння святарамі сваіх прысягаў напрыканцы Імшы с. Надзея Рачыцкая ад імя прысутных павіншавала пастыра дыяцэзіі з Днём устанаўлення сакраманта святарства.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі