Вялікая пятніца — дзень без святой Імшы

У Вялікую пятніцу нідзе ў свеце не цэлебруецца Эўхарыстыя. У гэты дзень Першасвятар нашага збаўлення Хрыстус, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей.

Хоць перыяд Вялікага посту ўжо завяршыўся, аднак у дзень смерці Хрыста вернікі абавязаны пасціць: неабходна ўстрымлівацца ад мясных страваў і толькі адзін раз на працягу дня можна паесці дасыта, хоць дазваляецца спажыць крыху ежы таксама раніцай і вечарам.

У гэты дзень адбываюцца набажэнствы Крыжовага шляху, адно з якіх з удзелам Папы праходзіць у рымскім Калізеі — старажытным амфітэатры, што стаў месцам крывавага мучаніцтва тысяч хрысціянаў, якіх жорстка пераследавалі і забівалі на пачатку нашай эры. Сёлета ў сувязі з пандэміяй каранавірусу набажэнства ў Рыме пройдзе на ватыканскай плошчы Святога Пятра.

У Беларусі вернікі могуць без рызыкі заразіцца прайсці Крыжовым шляхам на Кальварыях на ўлонні прыроды, напрыклад у Гудагаі, Мосары ці пад Мядзелям.

Гэтыя месцы культу можна знайсці нават на электронных картах у навігатарах.

Увечары ў гэты дзень ва ўсіх касцёлах адбываецца набажэнства Адарацыі святога Крыжа. Выйшаўшы да алтара, святары кладуцца перад ім крыжам і пэўны час моляцца ў маўчанні разам з вернікамі, якія кленчаць.

Пачынае набажэнства Вялікай пятніцы літургія Слова і доўгая малітва ў 10-ці розных інтэнцыях: за Святы Касцёл, за Папу, за ўсе станы духавенства і вернікаў, за катэхуменаў, за адзінства хрысціянаў, за жыдоў, за тых, хто не верыць у Хрыста, за тых, хто не верыць у Бога, за тых, хто кіруе дзяржавамі, за церпячых.

Сёлета ў гэтую малітву дадаецца яшчэ адзін, адзінаццаты, малітоўны зварот — аб спыненні эпідэміі каранавірусу.

Пасля гэтай малітвы святар уносіць крыж, захінуты ў фіялетавую тканіну, і, узняўшы яго, паступова здымае тканіну, тройчы спяваючы: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету». Вернікі адказваюць: «Пойдзем з паклонам».

Потым святар ушаноўвае крыж, а за ім гэта робяць усе вернікі. Сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі крыж ушануе пацалункам толькі святар, а ўсе астатнія ўдзельнікі адарацыі аддадуць пашану Укрыжаванаму ўкленчваннем.

За ўдзел у адарацыі Крыжа ў Вялікую пятніцу можна атрымаць поўны адпуст.

Увага! Трансляцыю набажэнства Вялікай пятніцы з адарацыяй крыжа з мінскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі можна паглядзець 10 красавіка ў 19.00 на тэлеканале «Беларусь 3».

Пасля пакланення Крыжу адбываецца ўдзяленне Камуніі, і святыя Эўхарыстычныя дары пераносяцца ў сімвалічную грабніцу, дзе застануцца да заканчэння Пасхальнай Вігіліі.
Гэтая «грабніца Хрыста», зазвычай прыгожа аздобленая кветкамі, застаецца адзіным асветленым месцам у касцёле, а ўсё іншае святло гасіцца. Вернікі застаюцца перад ёй у малітве і адарацыі на доўгі час — некаторыя нават на ўсю ноч.

Ахвяраванні, сабраныя ў касцёлах падчас адарацыі Крыжа ў Вялікую пятніцу, прызначаюцца на патрэбы святыні Гробу Пана ў Ерузалеме.

Catholic.by

для друку для друку