Візітацыя біскупа Алега Буткевіча ў Мосарскую парафію (+відэа)

Візіт высокага госця адбыўся ў нядзелю 3 чэрвеня.

У першай палове дня іерарх наведаў капліцы ў Савутках і Казлоўшчыне, дзе сустрэўся з вернікамі і правёў богаслужэнні.

Пасля абеда ардынарый прыбыў у Мосар, дзе каля храма яго ўжо чакалі вернікі. Каб прывітаць свайго пастыра, усе вернікі выйшлі з храма. Закрыстыян Станіслаў Бука коратка распавёў біскупу гісторыю мосарскай парафіі. Пасля гэтага пастыру ўручылі хлебны каравай, кветкі і падарункі. Потым біскуп акрапіў вернікаў святой вадой і ўрачыста ўвайшоў у храм.

Высокага госця прывітаў пробашч парафіі ў Мосары ксёндз Марат Казлоўскі.

Біскуп у сваім прывітальным слове адзначыў, што яму прыемна наведваць мосарскую парафію. Ён яе назваў заслужанай, бо тут працаваў ксёндз-пралат Юозас Булька, які стварыў райскі куточак тут у Мосары. Але не толькі знешнюю прыгажосць можна паставіць у заслугу Мосару. Тут жылі і жывуць шчырыя католікі, гэта парафія дала Касцёлу 17 святароў. З гэтай парафіі паходзіць і Генеральны вікарый дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель.

У сваім слове да вернікаў іерарх найперш звярнуў увагу на словы Апостала Паўла з сённяшняга чытання: “Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас. Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем.”

Павел напачатку пераследваў Касцёл, а пасля стаў прапаведнікам, адным са слупоў, на якіх трымаецца Касцёл. Гэта сталася дзякуючы дзеянню Духа Святога. Божы Провід трымае таксама і Касцёл у нашай краіне. Ён быў колькі разоў нішчаны, але і надалей працягвае выконваць сваю функцыю.

Звярнуў ардынарый увагу і на важнасць прабачэння ў нашым жыцці. Важна прыняць іншага чалавека такім як ён ёсць, прызнаць, што ён не такі, як я. Гэта і ёсць любоў. Асабліва важна гэта ў сямейным жыцці. Ніводзін мужчына псіхалагічна не падыходзіць ні адной жанчыне, — адзначыў біскуп, — але праўда ў тым, калі прымаць сужонка такім, як ён ёсць, дараваць адзін аднаму, жыць з Богам, то тады ніхто не здольны разбурыць такую сям’ю.

Таксама іерарх перасцярог вернікаў, каб не лічылі Бога своеасаблівай палачкай-выручалачкай. Бо з такім падыходам мы хутка расчаруемся ў Пану. У заходніх краінах чалавек ужо мае ўсё або амаль усё. І тады шмат каму Бог становіцца не патрэбны. А Ён нам патрэбны ў першую чаргу як крыніца любові, як дарога да збаўлення.

Біскуп заклікаў людзей святкаваць нядзелю, дзень, калі Езус Хрыстус уваскрос. Бо нядзельная праца звычайна не прыносіць чалавеку карысці. Праўда, — адзначыў іерарх, — гэта не трэба разумець літаральна. Калі праца робіцца для дабра людзей, для дапамогі бліжняму, то за гэта Бог не карае чалавека.

Звярнуў увагу ардынарый і на розныя забабоны і прымхі, у якія людзі схільныя верыць і ў наш час. Ён перасцярог вернікаў ад кантактаў з рознымі знахарамі і варажбітамі. Заўсёды трэба памятаць, адкуль гэтыя людзі маюць такую ўладу.

“Таму няхай сённяшняя сустрэча з Езусам Хрыстом у Эўхарыстыі адновіць наш давер да Бога, — сказаў біскуп Алег на заканчэнні гаміліі. — Глядзіце на сваё жыццё праз прызму веры.”

Напрыканцы Імшы ксёндз Марат падзякаваў іерарху за яго візіт і за тыя словы, што ён прамовіў да вернікаў. Бо, па словах святара, вуснамі біскупа прамаўляе сам Езус Хрыстус.

Ардынарый падзякаваў вернікам за цёплы прыём і пажадаў ім ісці простай дарогай да збаўлення.

Пасля таго, як біскуп удзяліў сваё пастырскае бласлаўленне, адбылося набажэнства да Сэрца Езуса і працэсія вакол касцёла.

Закончылася ўрачыстасць спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”. А біскуп сустрэўся яшчэ з прадстаўнікамі парафіяльнай рады, дзе былі абмеркаваныя надзённыя пытанні жыцця парафіі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота;

Леанід Юрык, фота і відэа

 

для друку для друку