Віцебскую дыяцэзію на 29 Міжнароднай парафіядзе ў Варшаве прадстаўляла моладзь з Глыбокага

У выніку перамогі ў ІІ Парафіядзе дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі ў мінулым годзе, прадстаўнікі глыбоцкай парафіі атрымалі ў падарунак двухтыднёвы адпачынак у Польшчы і ўдзел у 29 Міжнароднай парафіядзе ў Варшаве.

Юныя глыбачане разам з апекунамі  дк. Алегам Хмылко і Вікторыяй Лубчонак адпачывалі ў горным горадзе Мушына, што недалёк ад граніцы са Славакіяй. Летнік праходзіў пад дэвізам “Яднае нас Польшча”. У доме адпачынку разам адпачывалі тры групы: Гродна-Дзевятоўка, Глыбокае і Петразаводск (Расія), у агульнай колькасці 53 асобы. Як распавядае дк. Алег, на гэтыя два тыдні была падрыхтаваная адмысловая праграма. Кожны дзень праходзілі заняткі па вывучэнню польскай мовы. Былі розныя экскурсіі, вандроўкі па гораду і за межамі яго. Удзельнікам вельмі запомніўся 10-кіламетровы сплыў на пантонах па мясцовай рацэ, якая працякае па граніцы польска-славацкай.

Падчас летніка праходзілі розныя спартыўныя спаборніцтвы, алімпіяды, мастацкая галерэя з конкурсам малюнкаў і фотаздымкаў, дыскатэкі. Кожны дзень дзеці і моладзь прымалі ўдзел у св. Імшы ў мясцовым касцёле.

8 ліпеня ўся група паехала ў Варшаву, дзе прайшлі рэгістрацыю і пасяліліся ў студэнцкім інтэрнаце. 9 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё 29 Міжнароднай парафіяды на варшаўскіх Сякерках у Санктуарыі Маці Божай Настаўніцы моладзі. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі Марэк Салярчык. “Хочацца адзначыць, што музычнае суправаджэнне было за нашай групай, якая разам адпачывала ў Мушыне, якія спявалі на трох мовах: польскай, беларускай і рускай”, — падкрэсліў дыякан.

З панядзелка распачаліся спаборніцтвы ў трох намінацыях: стадыён, святыня, тэатр.  Кожны дзень для ўдзельнікаў распачынаўся святой Імшой, затым адбывалася малітва, сняданне і на працягу дня праходзілі розныя спаборніцтвы.

Кожны дзень перад вячэрай было ўзнагароджванне за спаборніцтвы за бягучы дзень. Узнагароды былі ў трох узроставых катэгорыях, а таксама апекуны паміж сабой спаборнічалі ў розных відах спорта. Чарговы дзень заканчваўся інтэграцыйным вечарам і супольнай малітвай.

Урачыстае закрыццё парафіяды адбылося 16 ліпеня, падчас якой па агульнай суме набраных балаў былі вызначаны дзве лепшыя каманды: Даліна (Украіна) і Ольштын (Польшча). Затым усе удзельнікі Парафіяды прайшлі маршам ад Кампуса да касцёла Провіду Божага, дзе пахаваны а. Юзаф Ёнц SP, заснавальнік Парафіяды. У гэтай святыні адбылася ўрачыстая св. Імша на заканчэнне.

29 Міжнародная парафіяда ў лічбах:

  • 8 краін (Беларусь, Расія, Украіна, Славакія, Літва, Латвія, Германія, Польшча),
  • 1358 удзельнікаў,
  • 55 замежных і 37 польскіх каманд,
  • 69 валанцёраў.

Прадстаўнікі Віцебскай дыяцэзіі занялі 5 прызавых месцаў:

  • Марыя Іваноўская – 1 месца —  стральба (дзяўчаты, сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
  • Мікіта Лось – 1 месца – летні біятлон;
  • Яўген Высоцкі – 2 месца – спартыўнае арыентаванне (сярэдняя ўзроставая катэгорыя);
  • Наталля Салодкая – 2 месца – конкурс ведаў на тэму «Юзаф Пілсудскі — напярэдадні 100-й гадавіны незалежнасці»;
  • Дк. Алег Хмылко – 2 месца – спартыўнае арыентаванне (апекуны).

Трэба адзначыць, што глыбоцкія хлопцы і дзяўчаты актыўна прымалі ўдзел у розных конкурсах і спаборніцтвах, а калі не займалі прызавыя месцы, то ў 10-ку лепшых уваходзілі і паказвалі добры вынік.

Марына Сінкевіч, тэкст                                  
дк. Алег Хмылко, фота

для друку для друку