Віцебскія вернікі разам з біскупам Алегам Буткевічам распачалі Вялікі пост

vicebsk_papialec09У Віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага, як і ва ўсім каталіцкім свеце, 10 лютага адзначылі Папялец.

Папяльцовая серада – у лацінскім абрадзе першы дзень Вялікага посту, у які прадпісваецца строгі  пост – ежа толькі адзін раз у дзень.

Падчас святой Імшы праводзіцца адмысловы абрад – пасыпанне галоў вернікаў асвечаным попелам. Попел, па старажытнай традыцыі з Х стагоддзя, атрымліваюць ад спаленых галінак вярбы, якія захаваліся з мінулай Вербнай нядзелі. Агонь, які спальвае галінкі вярбы, сімвалізуе агонь любові, які ператварае ўсё грэшнае ў попел.

Звычай пасыпання галоў вернікаў попелам старажытнага біблейскага паходжання: у Старым Запавеце гэта з’яўлялася сімвалам пакаяння і пакоры.

Падчас святой Імшы святар, пасыпаючы галаву верніка попелам, кажа: “Кайцеся і верце ў Евангелле” альбо “Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся”.

У дні посту вернікі абавязаны самаўдасканальвацца ў веры – павінны надаваць асаблівую ўвагу і больш часу малітве і міласэрнасці, праяўляць устрыманне ў ежы, бо слова “пост” гаворыць само за сябе — гэта значыць ужываць посную ежу.

Пра ўсё гэта распавёў у сваёй гаміліі падчас Імшы ў Папяльцовую сераду біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Анатоль Бандарчук-Вошлаў, тэкст і фота

для друку для друку