Віцебскія дзеці з катэдральнай парафіі адпачылі ў Лепелі

Група з 22 дзяцей і 5 дарослых разам з пробашчам кс. Андрэем Аніскевічам і сястрой М. Крыст’янай Венгерскай з катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску прынялі ўдзел у маленькіх канікулах у «Кардон Доўгае» ў в. Слабодка (Лепельскі раён).

Гэта быў падарунак на канікулы ад пробашча для парафіяльных дзяцей. Да паездкі рыхтаваліся загадзя: бацькі разам з сястрой Крыст’янай выпеклі смачнае пячэнне, макоўцы, кексы.

Галоўнай мэтай гэтай вандроўкі былі адпачынак і гульні на свежым паветры.

Трэба сказаць, што малітва дзяцей аб добрым надвор’і была выслухана, і кожная раніца пачыналася прыгожым усходам сонца і спевам птушак.

Першым уражаннем, калі мы дасягнулі мэты нашага падарожжа, было свежае паветра, напоўненае пахам соснаў і прыгожы пейзаж: возера, лес, драўляныя домікі пад прамянямі сонца.

Кожны дзень пачынаўся і заканчваўся  сумеснай малітвай. Дзеці сілкаваліся смачнай ежай, прыгатаванай бацькамі і сястрой Крыст’янай. Бацькі з вялікай самааадданасцю клапаціліся аб дзецях, прымалі ўдзел у гульнях, забавах, таксама стараліся зацікавіць іх сваімі творчымі ідэямі. Маленькія парафіяне ўдзельнічалі ў розных забавах: гульні,  конкурсы, танцы, футбол, грыль. Асаблівым захапленнем былі лазертаг і прагулкі на катамаранах.

Кс. Андрэй  кожны дзень забяспечваў нас патрэбнымі прадуктамі і прысмакамі, напр. марозівам.

Завяршыліся канікулы конкурсамі «Самы культурны чалавек», «Ці ведаеш імёны?», «Твае паводзіны», «Самы чысты пакой», а таксама словы падзякі ад дзяцей прагучалі для апекуноў, дзе кожны атрымаў букет прыгожых лясных кветак.

Дзеці вярталіся дамоў, напоўненыя свежым паветрам, уражаннямі і радасцю ад завязанага сяброўства з Богам і людзьмі.

Хочам выказаць сардэчную ўдзячнасць кс. пробашчу Андрэю Аніскевічу за гэты вялікі падарунак, за яго шырока адкрытае сэрца.

c. М. Крыст’яна Венгерска
для друку для друку