Віцебск: праваслаўныя, пратэстанты і католікі маліліся разам

витебск“Першае ў Віцебску спатканне прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій на супольнай малітве заклала добрую традыцыю на будучыню” – адзначыў Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

22 студзеня ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылося экуменічнае спатканне прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій з нагоды Тыдню малітваў аб еднасці хрысціян.

Яго арганізавала Віцебская каталіцкая дыяцэзія. У сустрэчы разам з рыма-католікамі прынялі ўдзел пастыры іншых хрысціянскіх супольнасцяў Віцебска: прадстаўнік Грэка-каталіцкай Царквы, протапрэзбітэр Зміцер Грышан; прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, протаіерэй Дзмітрый Савіч; прадстаўнікі Евангельскіх хрысціян-баптыстаў – пастары Аляксей Альшэўскі і Генадзь Ляшчоў, пастар Евангельска-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў.

“Усе падкрэслілі неабходнасць і важнасць справы паяднання між усімі вызнаўцамі Езуса Хрыста. Гэта рэалізацыя закліку самаго Збаўцы, які ў сваёй малітве прасіў нябеснага Айца аб тым, каб усе ўтваралі адно. Гэтая еднасць павінна абапірацца, перш за ўсё, на выкананне запаведзі любові, без якой немагчыма паяднанне чалавека з Богам, а таксама ўзаемнае адзінства”, — сказаў біскуп Алег Буткевіч.

Супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла з Праваслаўнай Царквой на Віцебшчыне асабліва цесна адбываецца ў сацыяльнай сферы. Таксама ў мінулым годзе ладзілася сумесная міжнародная канферэнцыя на тэму “Душпастарства і сацыяльная дапамога вязням у месцах пазбаўлення волі”.

“Супольнае жыццё, мірнае суіснаванне паміж католікамі і праваслаўнымі, а таксама прадстаўнікамі пратэстантскіх Цэркваў на Віцебшчыне існуе штодзень. Бо гэтыя супольнасці ўтвараюцца вельмі часта нават у нашых сем’ях, дзе мірна і ў любові суіснуюць прадстаўнікі розных канфесій”, — сказаў пастыр Віцебскай дыяцэзіі.

Падчас міжхрысціянскай малітвы прысутныя святары і пастары пацвердзілі супольны абавязак сведчыць перад сучасным светам пра Хрыста. “Занясём гэтае святое Слова свету, паколькі мы з’яднаны ў адной місіяй – быць соллю зямлі, быць святлом свету і абвяшчаць вялікія справы Пана”, — прагучала ў галоўным каталіцкім храме Віцебшчыны. У знак супольнай місіі прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі свечкі ад пасхала, як сімвала святла Уваскрослага Хрыста.

Напрыканцы набажэнства прысутныя перадалі адзін аднаму знак супакою.

Ватыканскае радыё

для друку для друку