Віцэ-старшыня РКБЕ арцыбіскуп Нікалc прадставіў першыя вынікі пасяджэння на тэму моладзі

Віцэ-старшыня РКБЕ арцыбіскуп Вестмінстэрскі кардынал Вінсэнт Нікалc на кароткім брыфінгу 29 верасня падсумаваў першы дзень працы асамблеі, якая была прысвечана тэме моладзі.

Гэтай раніцай, як адзначыў іерарх, цэнтрам увагі ўдзельнікаў пасяджэння быў адказ на заклік Папы Францішка звярнуць увагу на той факт, што моладзь з’яўляецца пратаганістамі змен у грамадстве. Назіраючы за моладдзю, можна заўважыць у іх некаторую няўпэўненасць і страх. Так, як і кожная чалавечая істота, яна мае патрэбу ў прыняцці і любові.

«Мы вельмі пазітыўна размаўлялі пра моладзь сёння раніцай. Мы гаварылі пра культуру, у якой яна вырасла, што вельмі адрозніваецца ад той, у якой выраслі мы. Яна вельмі інтэнсіўная і імгненна змяняецца. Нам неабходна любіць гэтую культуру, а не крытыкаваць і спрабаваць выправіць», — падкрэсліў іерарх.

Кардынал указаў таксама на крызіс самасвядомасці ў моладзі, які заўважаецца на асабістым узроўні, а часам і на нацыянальным. Некаторыя нацыі, як дадаў кардынал, у тым ліку прадстаўленыя на пленарнай асамблеі, маюць складанае мінулае, моладзь жа спрабуе адысці ад нацыянальнай самасвядомасці і знайсці штосьці большае.

Як звярнуў увагу іерарх, першая міграцыя, якая датычыць моладзі, звязана з навучаннем у вышэйшых навучальных установах, якія знаходзяцца ў вялікіх гарадах. Часам жа міграцыя звязана з выездам у іншую краіну. Разнастайныя сферы жыцця моладзі перакрыжоўваюцца з жыццём Касцёла: мастацтва, сацыяльная праца… Гэта, як дадаў іерарх, супольныя пункты, якія неабходна адкрыць. «Мы, прадстаўнікі Касцёла, маем заданне “быць побач” з молладзю», — дадаў кардынал Нікалс.

«Касцёл можа стаць новай сям’ёй для маладых людзей, месцам, дзе сэрца прамаўляе да сэрца», — сцвердзіў іерарх, указваючы на тое, што моладзь патрабуе як месца для малітвы, так і для размовы адно з адным.

На заканчэнне прамовы кардынал Нікалс указаў на неабходнасць адкрыцця біскупаў і святароў на перамены ў пастырскай дзейнасці. Гэта, па словах іерарха, не азначае толькі гатоўнасць адкрыцца на сустрэчу з моладдзю, але і на змены ўнутры сябе, на адмаўленне ад прадузятасцяў, часам нават ад усяго, чаму навучыліся, каб сустрэцца з іншым светам без страху. Такім прыкладам пастырскай перамены з’яўляецца Папа Францішак, дадаў кардынал.

Кардынал Нікалс нагадаў, што пасля ўваскрасення Пана разгубленыя вучні пазналі Езуса «ў ламанні хлеба» і зведалі навяртанне, дзякуючы Яго прысутнасці, без аніякіх аргументаў. Яны сталі Яго місіянерамі і вярнуліся ў Ерузалем, каб прапаведаваць. «У Чырвоным касцёле ўчора мы пачулі сведчанне юнака пра вопыт сустрэчы з Хрыстом, дзякуючы якой ён пазбавіўся страху і стаў Яго вучнем, прапаведнікам радасці і веры», — прыгадаў сведчанне беларускага юнака кардынал Нікалс.

Віталій Палінеўскі, фота

Catholic.by

для друку для друку